Сёлета адзіны ў Беларусі прыватны дом-інтэрнат святкуе сваю гадавіну

18 марта 2016

Адкрыты ён у вёсцы Вайганы, што ў Валожынскім раёне. Хатнюю ўтульнасць надалі былому будынку школы. За год тут зрабілі рамонт, каналізацыю, ацяпленне са сваёй кацельняй і ўсталявалі пажарную сігналізацыю. Як жывуць у агульным доме людзі паважанага ўзросту з усёй Беларусі і з-за мяжы, даведалася Аляксандра Драгун.

Чатыры гады таму гучны званок аб'явіў пачатак урока ці перапынак. Але цяпер будынак былой школы - другі дом не для вучняў, для людзей больш сталага ўзросту. Гэта іх надзейны прычал, які дае сямейны прытулак і атуляе клопатам.

За год будынак пераўтварылі ў дом-інтэрнат. Зрабілі рамонт, каналізацыю, ацяпленне са сваёй кацельнай і ўсталявалі пажарную сігналізацыю. З раённай бальніцы сюды прыязджаюць вузкія спецыялісты - афтальмолаг, хірург. А штодзень пра камфорт сваіх падапечных клапоціцца калектыў у 20 чалавек.

Гэтыя падапечныя не толькі блізкія па духу - іх яднае сваяцкая сувязь. Адной з першых тут абжылася Тамара Якуновіч. Пасля інтэрнат стаў домам і для яе старэйшай сястры з мужам. Цяпер часу хапае на размовы і на любімыя заняткі.

11 жылых пакояў амаль заселены. Тут ёсць усё самае неабходнае - мэбля, радыё, тэлевізар, а прадметы інтэр'еру падапечныя майструюць самастойна.

У інтэрнаце ёсць памяшканне рэлаксу. Яно хутчэй нагадвае музей. Тут знаходзяцца рэчы бабуль і дзядуляў, якія жывуць у агульным доме. З першага экспаната - шафы - і зарадзілася гэта ідэя. Цяпер сюды прыходзяць падапечныя, каб правесці час за кнігай ці ўспомніць маладосць.

Саленні, сокі і варэнне на сталах - хатнія. Інтэрнат мае сваю гаспадарку. Самі вырошчваюць агародніну і садавіну. Высадзілі вішнёвы сад.

Акрамя гэтага ў Мінскай вобласці адкрываюць аддзяленні і дамы павышанай камфортнасці, дзе жылыя пакоі разлічаны на аднаго чалавека, ёсць асобны санвузел і міні-кухня. Такія існуюць у Лагойскім, Нясвіжскім і Уздзенскім раёнах. Сёлета з'явіцца і пад Мінскам.