Сёлета даўгабуду ў Мёрах - 25

29 марта 2017

Недабудаваны корпус раённай бальніцы ўжо шмат гадоў узвышаецца на ўскраіне Мёраў. Сёлета даўгабуду - 25. Некалькі разоў будаўніцтва аднаўлялася і спынялася. Грошай, як гэта бывае, у раённым бюджэце не хапала. У выніку зараз аддзяленні бальніцы размяшчаюцца ў некалькіх будынках, раскінутых па ўсім горадзе, што прыносіць нязручнасці не толькі ўрачам, але і пацыентам. Людзі звярнуліся з просьбай вырашыць праблему да кіраўніка Камітэта дзяржкантролю. Сёння на будпляцоўцы зноў працуе тэхніка. Аб вялікай справе для маленькага раёна - Вольга Маслоўская.

З тых часоў, як на будпляцоўцы зноў з'явілася тэхніка, рабочы тыдзень галоўнага ўрача Міёрскай бальніцы пачынаецца не з планёркі, а са штаба. Важна правільна распарадзіцца сродкамі, якія выдзелены на завяршэнне даўгабуду. Шмат гадоў закінутыя бетонныя канструкцыі чакалі гаспадарскага падыходу.

Зараз аддзяленні бальніцы ў Миорах - а гэта 11 будынкаў - раскіданыя па ўсім горадзе. І ў кожнага з іх свая гісторыя.

Будынак радзільнага аддзялення - аднагодак стагоддзя. Адзін санвузел, няма аперацыйных і рэанімацыі. Калі патрэбна дапамога хірурга, жанчыну на насілках дастаўляюць у аперблок. Ён у суседнім корпусе. А малыша, які з'явіўся пасля кесарава сячэння, на руках і ў любое надвор'е пераносяць назад.

Штогод міёрскія хірургі праводзяць некалькі дзясяткаў складаных аперацый. Пры гэтым пацыентаў у блокі паднімае не ліфт, а санітаркі. Па кансультацыю вузкага спецыяліста хворыя едуць у іншы будынак. А пакуль абед з харчблока давозяць да самага аддаленага бальнічнага корпуса, ежа ўжо халодная.

З просьбай дапамагчы ажывіць даўгабуд людзі звярнуліся да старшыні дзяржкантролю падчас асабістага прыёму грамадзян. Праблемнае пытанне было не проста запісана ў блакнот. Мёрская бальніца стане адным з пунктаў рэспубліканскай інвестпраграмы на найбліжэйшыя 2 гады.

Тое, што ў Мёрах з'явіцца новая бальніца, людзі ўжо не сумняваюцца. Будаўнікі нават плануюць дату ўваходзін - май 2018. Абнаўленне чакае і ўчастковую бальніцу ў пасёлку Копысь Аршанскага раёна - там пачаўся капітальны рамонт. Раскансерваваны і аршанскі даўгабуд - бальніца імя Сямашкі. А ўжо гэтым летам першых маленькіх пацыентаў прыме дзіцячая амбулаторыя ў віцебскім мікрараёне новабудоўляў Білеве.