У Дзень роднай мовы тэлеканал "Беларусь 3" яшчэ больш напоўніць сетку вяшчання нацыянальным кантэнтам

21 февраля 2023

Першы і адзіны беларускамоўны тэлеканал нашай краіны ў Дзень роднай мовы яшчэ больш напаўняе сетку вяшчання нацыянальным кантэнтам. Тэлеканал сапраўдных каштоўнасцяў - "Беларусь 3" - у міжнароднае свята прапануе да прагляду рэйтынгавыя "Навіны культуры", "Беларускую кухню", "Калыханку" і "Дабраранак". Самая культурная кнопка краіны парадуе кантэнтам і тэатралаў. У дзённым эфіры дадуць "Леаніды не вернуца на зямлю". Спектакль паводле Караткевіча ўбачым у пастаноўцы тэатра імя Якуба  Коласа. Эфір напоўняць вершы беларускіх паэтаў і кінапаказы на роднай мове пад акампанемент тэматычных ролікаў.

Наталля Марынава, дырэктар тэлеканала "Беларусь 3":

Беларуская мова - гэта сапраўдная наша каштоўнасць. Менавіта на гэтай мове ствараліся шмат літаратурных твораў, якія адзначаюць беларускую культуру ўвогуле ў сусветнай культуры. Таму мова - гэта наш здабытак, які мы павінны берагчы, захаваць, памятаць і несці далей. Таму без мовы мы не можам працаваць. Яшчэ мы ганарымся, што ў нас на тэлеканале "Беларусь 3" працуюць людзі, для якіх мова - гэта не мова падручнікаў. Гэта мова іх паўсядзеннага жыцця. Яны менавіта па-беларуску размаўляюць заўсёды.

Юбілейную эфірную сетку, а ў гэтым тэлесезоне "Беларусь 3" сустрэў дзесяцігоддзе, ужо папоўніў праект "Культурны тыдзень". Сярод навінак і тэлевіктарына "Веды ў кубе". Наступны прэм'ерны паказ ужо 4 сакавіка. Гледачоў бліжэй пазнаёмяць з таленавітай моладдзю ў праекце "Новыя людзі".