У Брэсце пачалі будаваць самы вялікі ў рэгіёне медкомплекс

12 января 2020
Самую вялікую паліклініку рэгіёна пачалі будаваць у Брэсце. Яна з'явіцца ў новым - Зарэчным мікрараёне горада. У комплексе аб'яднаюць дарослую і дзіцячую паліклінікі, а таксама жаночую кансультацыю. Злучаныя карпусы будуць ствараць цэлы медыцынскі квартал. Вышыня самага вялікага будынка - восем паверхаў. Акрамя брэстаўчан у паліклініцы змогуць абслугоўвацца і жыхары Брэсцкага раёна. Паводле слоў дактароў, у комплекс паставяць самае сучаснае абсталяванне. Плануецца, што новы цэнтр разгрузіць ужо наяўныя паліклінікі горада і тым самым скароціць чэргі. Бо за апошнія дзесяць гадоў насельніцтва Брэста і раёна стала больш на сорак восем тысяч жыхароў. 

Сяргей Кляус, галоўны ўрач Брэсцкай цэнтральнай паліклінікі: "Там будзе дарослая паліклініка на 500 наведванняў за змену, дзіцячая паліклініка на 600 наведванняў за змену і жаночая кансультацыя на 190 наведванняў за змену. Калі праектавалі гэты комплекс, у дачыненні да дарослай паліклінікі скампанавалі так, што дазволіць нам працаваць камандай. Гэта ўрач агульнай практыкі, памочнік і медсястра. Гэта - па-новаму".

Падмурак будучага цэнтра ўжо ёсць. Адкрыць яго плануюць праз тры з паловай гады.