У Барысаўскім раёне прайшлі спаборніцтвы каманд санітарных дружын

4 июля 2017

Ураган абарваў лініі электраперадачы, а паваленыя ветрам дрэвы пашкодзілі цыстэрны з аміякам і хлорам на суседнім прадпрыемстве. Паводле такога сцэнарыя ў Барысаўскім раёне спаборнічалі каманды санітарных дружын Мінскай вобласці. Яны праходзілі тэст на трываласць на хімічнай і вогненнай паласах перашкод. Пры гэтым трэба было не толькі пераадолець маршрут, але і дапамагчы ўсім пацярпелым ад стыхіі. У цэнтры падзей апынуўся і Ян Пашкевіч.

Тут процівагаз - адзін з асноўных спартыўных снарадаў! Алімпійскія гульні сярод санітарных дружын аб'ядналі амаль тры сотні ратавальнікаў-аматараў. На паласе трэба не толькі пераадолець перашкоды, але і выратаваць пацярпелых.

Адзін з этапаў - арт-хаос. Абарваныя лініі электраперадачы, паваленыя дрэвы і пажар - сярод такіх небяспечных дэкарацый даць першую дапамогу пацярпелым адразу не атрымаецца - спачатку іх трэба знайсці.

Некаторыя ж каманды спаборнічаюць не толькі на палігоне - па-за турнірнай сеткай дэманструюць новыя модныя напрамкі ратавальнага дрэс-кода.

Яшчэ адна пагроза навісла і над суседнім палігонам.

А вось тут ужо самы небяспечны этап - зона хімічнага атручвання.

Над трэніровачнай пляцоўкай згусціліся хмары аміяку і хлору. Выведаць мясцовасць і абараніць пацярпелых ад дыму трэба за 15 хвілін.

Яшчэ адзін сцэнарый магчымага апакаліпсісу - інфекцыйная эпідэмія. Тут ратавальная брыгада зноў змяняе гардэроб - на спецкасцюм.

Лепшыя ж каманды збяруцца ўжо на рэспубліканскім этапе спаборніцтваў, а потым ізноў вернуцца на свае прадпрыемствы - толькі ўжо з новым карысным вопытам.