У найбліжэйшыя суткі зіма ўмацуе свае пазіцыі

10 ноября 2016

Снегапад у лістападзе. Толькі за гэту ноч у Мінску выпала 14 сантыметраў снегу. Прыбіраць яго з самай раніцы выйшлі камунальнікі і больш за тры сотні адзінак тэхнікі. Паслабленняў ад надвор'я не прагназуецца - услед за снегападамі і парывістым ветрам у сталіцу і Мінскую вобласць прыйдуць маразы і галалёдзіца. За сітуацыяй сочыць Аляксей Кандраценка.

14 сантыметраў снегу за адну ноч у лістападзе. Моцны снегапад у сталіцы прэтэндуе на рэкорд. Асабліва калі ўспомніць, што за некалькі дзён ў пачатку гэтага года цыклон "Даніэла" накінуў на Мінск 30-сантыметровае снежнае покрыва.

Але таго, што было ў студзені, не здарылася. Сур'ёзных дарожна-транспартных здарэнняў у сталіцы і вобласці менавіта ноччу і раніцай ДАІ не зафіксавала. Ды і самі аўтамабілісты асаблівых нязручнасцей у Мінску не адчулі.

Дарэчы, дадатковую бяспеку на трасах і тратуарах забяспечваюць і дарожна-камунальныя службы. Дарогі падсалілі супраць лёду. Усяго высыпалі 870 тон солі і звыш тысячы тон пясчана-саляной сумесі.

У цэлым у Мінску на зімовы перыяд падрыхтавалі 18 пляцовак для часовага складзіравання снегу.

У найбліжэйшыя суткі такое зімовае надвор'е толькі ўмацуе свае пазіцыі. Паводле звестак сіноптыкаў, у пятніцу днём мароз да мінус 5 і галалёдзіца. А значыць як аўтамабілістам, так і пешаходам трэба быць максімальна ўважлівымі на дарогах і тратуарах.