У Беларусі пачаў працу цэнтр штучнага інтэлекту

20 ноября 2015

Новы віртуальны праект падчас міжнароднай канферэнцыі, прысвечанай інфарматызацыі, учора ў Мінску прэзентавалі навукоўцы Акадэміі навук і прадстаўнікі вядучых ВНУ краіны. Пляцоўка аб'яднае дзясяткі фізікаў, матэматыкаў, медыкаў і біёлагаў для распрацоўкі складаных штучных сістэм. А вось супрацоўнікі новага цэнтра тэхналогій электроннай дзяржавы, які таксама адкрылі ў сталіцы, будуць ужо працаваць над тым, каб у беларусаў была магчымасць скарыстацца дзяржпаслугамі ў рэжыме анлайн. Падрабязнасці ў Наталлі Тарасюк.

Робат-дварэцкі і яго памочнікі - менавіта так уяўляюць сабе новае пакаленне сістэмы "разумны дом" у Інстытуце праблем інфарматыкі. Кіраваць такой робакамандай можна лёгкім дакрананнем да дысплея смартфона або планшэта. Наступны этап - узгадніць дзеянні андроідаў і навучыць іх добра арыентавацца ў прасторы.

Сяргей Герасюта, загсектара робататэхнікі Аб'яднанага інстытута праблем інфарматыкі НАН Беларусі: "Пабудова карт унутры памяшканняў - гэта вельмі важная задача, таму што гэта дазволіць робатам арыентавацца. Пастараемся высветліць шырыню дзвярных праёмаў, тыпы паверхняў, што нашага робата акружае".

Працу над гэтым праектам працягнуць і ў цэнтры штучнага інтэлекту, які напярэдадні адкрылі ў Мінску. Да гэтага віртуальная, а сёння - рэальная пляцоўка аб'яднае не толькі навукоўцаў, але і медыкаў. У 2016 дактары плануюць выканаць першыя аперацыі па методыцы Інстытута фізіялогіі. Навукоўцы прапаноўваюць са ствалавых клетак вырошчваць нейронападобныя элементы і ўводзіць іх пацыенту ў выпадку траўмы мозгу або кровазліцця.

Уладзімір Кульчыцкі, намдырэктара Інстытута фізіялогіі НАН Беларусі: "Працэдура, як вы самі разумееце, не такая траўматычная. Не трэба рабіць трэпанацыю чэрапа. І ўздоўж нервовых ствалоў, у прыватнасці, нюхальнага нерву, гэтыя мезенхімальныя клеткі самі мігрыруюць у тую зону, дзе разбураны ўчастак, і самі ўбудоўваюцца ў гэтую зону і аднаўляюць нейронавую сетку".

А ўжо праз шэсць гадоў пра кожную аперацыю або хваробу можна будзе прачытаць у рэжыме анлайн. Над інфарматызацыяй бальніц і паліклінік будуць працаваць спецыялісты новага цэнтра тэхналогій электроннай дзяржавы. Першыя напрацоўкі паказалі і падчас тэматычнай міжнароднай канферэнцыі "РІНТІ-2015".

Міжнародная канферэнцыя падоўжыцца ўсяго адзін дзень. Але, нягледзячы на такі кароткі тэрмін, пра свае распрацоўкі распавядуць больш як дзвесце ўдзельнікаў. Гэта навукоўцы з Беларусі, Расіі і Украіны. Больш за тое, сярод дакладчыкаў суаўтар праекта па рабоце з малюнкамі, прадстаўнік аднаго з універсітэтаў Ірака.