У Беларусі магчыма крымінальная адказнасць за допінг

24 мая 2018

Кіраўнік дзяржавы даручыў прапрацаваць варыянт адказнасці за забароненыя прэпараты ў спорце. Пра гэта гаворыцца ва ўказе, які падпісаны сёння. Згодна з новымі правіламі, пры дыскваліфікацыі атлета за допінг у будучыні яму будзе забаронена займацца педагагічнай дзейнасцю ў сферы фізічнай культуры і спорту. Таксама прыйдзецца вярнуць заваяваныя ўзнагароды і прызавыя. За сістэматычнае грубае парушэнне антыдопінгавых правіл федэрацыі спартсмены і члены каманды могуць быць пазбаўлены права на атрыманне дзяржпадтрымкі. Акрамя таго, магчыма іх выключэнне з рэестру федэрацый на тэрмін да двух гадоў. У найбліжэйшы час урад прапрацуе пытанне аб усталяванні крымінальнай адказнасці за выкарыстанне забароненых рэчываў і метадаў, а таксама за схіленне спартсменаў да парушэння антыдопінгавых правіл.