У Беларусі стартавалі здымкі драмы "Лета 41-га года"

20 мая 2021

На аэрадроме Ліпкі пачалі  здымаць ваенную драму "Лета 41-га года". Бліжэй да апоўначы здымалі перадфінальны эпізод,  дзе менавіта лётчыкі выратуюць галоўнага героя-партызана казахскага паходжання. Сама поўнаметражная стужка (яе сцэнарый, увасабленне і прадзюсаванне) з Казахстана. Па тэхнічнае абсталяванне, большую частку акцёрскай групы і лакацыі звярнуліся да "Беларусьфільма". У 90 хвілінах распавядуць рэальную гісторыю геолага Адзі Шарыпава (у будучыні  міністра асветы і пісьменніка ўсходняй краіны). Казах быў больш за 28 месяцаў партызанам у беларускіх лясах у гады вайны. Непрыхарошанае жыццё ў падполлі без гучных спецэфектаў. Стваральнікі фільма натхняліся і арыентуюцца на легендарныя "Ідзі і глядзі" і "Узыходжанне". 

З Казахстана ў Беларусь прыляцелі 17 спецыялістаў - рэжысёр, аператар, выканаўцы галоўных роляў. Прадзюсуе стужку кампанія "Белраскіно". Здымкі будуць праходзіць увесь найбліжэйшы месяц на натурнай пляцоўцы пад Смалявічамі, Мінскам і ў Ракове. Паказаць стужку ў СНД плануюць да Новага года.