У Беларусі створана новая палітычная партыя "Белая Русь"

18 марта 2023

Гістарычная падзея, абумоўленая часам. 18 сакавіка 2023 года на ўстаноўчым з'ездзе ў Мінску створана і аднагалосна падтрымана новая палітычная партыя краіны "Белая Русь".

Пабудова моцнай і квітнеючай Беларусі стала асноўнай ідэяй для згуртавання грамадзянскай супольнасці. Каля тысячы дэлегатаў з усіх рэгіёнаў сабраліся ў сталіцы, каб зацвердзіць статут і праграму новай партыі. Многія з тых, хто прысутнічаў на з'ездзе, уносілі свае прапановы ў выніковыя версіі дакументаў на працягу ўсяго перыяду грамадскіх абмеркаванняў.

Спроба дзяржаўнага перавароту ў Беларусі шмат у чым палітызавала наша грамадства. З'явілася дакладнае разуменне, што дасягненні нашай краіны і звыклы ўклад жыцця не з'яўляюцца непарушнымі і маюць патрэбу ў абароне. Грамадскае аб'яднанне "Белая Русь" выступіла кансалідуючай сілай і адгукнулася на заклікі грамадзян аб неабходнасці сфарміраваць партыю стабільнасці і развіцця.

На першым пасяджэнні вышэйшага палітычнага савета партыі (з удзелам дэлегатаў устаноўчага з'езда) аднагалосна прынята рашэнне абраць старшынёй партыі доктара філасофскіх навук Алега Раманава. "Белая Русь" мае намер стаць самай маштабнай палітычнай партыяй краіны і прадстаўляць інтарэсы ўсіх слаёў беларускага грамадства.