У Беларусі сёння ўспамінаюць трагічныя падзеі на Чарнобыльскай АЭС

26 апреля 2014

Аднымі з першых памяць загінуўшых пры ліквідацыі наступстваў аварыі ўшанавалі ратавальнікі. На вуліцы Ігнаценкі ў Мінску сабраліся курсанты Камандна-інжынернага інстытута, юныя ратавальнікі-пажарныя і кіраўніцтва МНС, каб ускласці кветкі да мемарыяльнай дошкі героя Украіны. Наш зямляк Васіль Ігнаценка быў сярод першых, хто прыбыў да месца выбуху. Менш як праз месяц пасля красавіцкіх падзей ён памёр. Ушанавалі яго памяць і ліквідатары, якія прайшлі пекла Чарнобыля.


Выбух на атамнай электрастанцыі прагрымеў 28 гадоў таму. Першы - самы жорсткі ўдар - прынялі на сябе персанал станцыі і пажарныя. Васіль Ігнаценка знаходзіўся ў так званым першым эшалоне ліквідатараў. Ён быў у самым эпіцэнтры падзей.


Аварыя на ЧАЭС прызнана найбуйнейшай у гісторыі чалавецтва тэхнагеннай катастрофай. У найбольшай ступені пацярпелі Украіна, Расія і асабліва Беларусь. У зоне забруджвання апынуліся больш за 2 тысячы 700 населеных пунктаў.