У Беларусі з пачатку года вырасла колькасць свабодных працоўных месцаў

20 февраля 2019

Зараз у банку вакансій іх больш як 80 тысяч. Але калі знайсці працу самастойна ўсё ж не атрымліваецца, у службе занятасці гатовыя дапамагчы асвоіць новую прафесію альбо атрымаць стартавы капітал на адкрыццё ўласнай справы. Не так даўно запрацавалі і камісіі па садзейнічанні занятасці. Так, у Клецкім раёне па дапамогу ў працаўладкаванні звярнуліся каля 150 чалавек, і амаль кожнаму з іх атрымалася падабраць годную прапанову.

Вікторыя Антоненкава прадоўжыць. На далікатных жаночых плячах здароўе і бяспека больш як трохсот чалавек. Анастасія - спецыяліст па ахове працы. Работа не з лёгкіх, затое важная і цікавая. Прыдатную вакансію дзяўчына пачала шукаць каля года таму, выходзячы з водпуску па доглядзе дзіцяці. Глядзела ў газетах, у інтэрнэце, пытала ў знаёмых. Хтосьці падказаў звярнуцца ў камісію па садзейнічанні занятасці насельніцтва. Спецыялісты завяршылі некалькі месяцаў беспаспяховых пошукаў усяго за пару хвілін. Кандыдатура Анастасіі цалкам задаволіла і працадаўцу. Кампанія доўга шукала падрыхтаванага спецыяліста на поўную стаўку. Праўда, знайсці такога ў сельскай мясцовасці было няпроста. Дапамагла камісія.

А вось Аляксандру Анатолевічу з працаўладкаваннем пашанцавала не адразу. У камісію па садзейнічанні занятасці мужчына звяртаўся некалькі разоў. Спачатку прапанавалі некалькі вакансій, куды ён не падышоў па стане здароўя. Потым былі часовыя працы. Але 2 месяцы таму вызвалілася месца, дзе навыкі і досвед Аляксандра Анатолевіча ацанілі па годнасці. Слесарам-сантэхнікам ён працуе больш як 20 гадоў. У Клецкім раёне камісія па садзейнічанні занятасці збіраецца двойчы на месяц. Пасяджэнні праводзяць у горадзе або на выездзе ў адной з найбліжэйшых вёсак. Да кожнага - індывідуальны падыход. На працаўладкаванне ўжо накіравалі больш за сотню чалавек. Больш за палову атрымалі працу.

Эксперты прагназуюць, што дэфіцыт кадраў захаваецца, асабліва высокі попыт на працоўныя спецыяльнасці. Сёння вялікая частка свабодных месцаў прыпадае на Мінск і Мінскую вобласць. Аднак у рэгіёнах ужо ідзе праца над пашырэннем рынку вакансій.