У Беларусі працягваецца праца па стварэнні папуляцый высакароднага аленя

11 января 2018

На новае месца жыхарства - поўнач Беларусі - з Палесся завезлі 56 лясных жывёлін. Вялікі экалагічны праект прадугледжаны дзяржпраграмай "Беларускі лес". З гэтым відам звязваюць і надзеі на развіццё паляўнічага турызму. Пакуль для здабычы трафеяў паляўнічыя аддаюць перавагу суседнім краінам.

Рэдкія кадры дзікай прыроды - у рэпартажы Вольгі Маслоўскай. Ззаду 500 кіламетраў шляху. Жывёліны напалоханыя і не адразу вырашаюцца выбегчы з машыны. Нягледзячы на познюю гадзіну, сустракаць фуру з незвычайным грузам прыйшлі шмат людзей. Бо высакароднага аленя ў дзікай прыродзе тут не сустракаў ніхто.

Жывёлін даставілі з паляўнічых угоддзяў Калінкавіцкага раёна. Дарога заняла ўвесь светлавы дзень. Каб у кузаве алені не паранілі адно аднаго, ім спілавалі рогі. А свежая гародніна стала для пасажыраў своеасаблівым антыдэпрэсантам.

Ужо праз некалькі дзён алені асвояцца і пачнуць выходзіць да кармушак з сенам.

Да прыезду новых насельнікаў рыхтаваліся загадзя. Абсталявалі падкормавыя пляцоўкі, саланцы. Спецыяльна пабудавалі часовы вальер - на плошчы ў 15 гектараў жывёліны правядуць паўгода. За гэты час пройдзе каранцін, а алені абвыкнуць да новай мясцовасці.

Невялікая колькасць высакароднага аленя ў нашых лясах - следства варварскага стаўлення чалавека да прыроды. Да пачатку XIX стагоддзя гэтых жывёлін на тэрыторыі сучаснай Беларусі амаль вынішчылі. Рэакліматызацыя віду працягваецца дзве сотні гадоў. У нашай краіне працуе дзяржпраграма "Беларускі лес". Вялікую ўвагу навуковаму складальніку надаюць спецыялісты Гродзенскай вобласці. У Дзятлаўскім і Навагрудскім раёнах ужо з'явіліся паўнавартасныя папуляцыі высакароднага аленя.

Станісты выгляд аленя і прыгожыя рогі заўсёды прыцягвалі ўвагу чалавека, робячы гэтага насельніка шырокалісцевых лясоў жаданым аб'ектам палявання. У тых угоддзях, дзе папуляцыі прыжыліся, без страт для прыроды ўжо зарабляюць на паляўнічым турызме.