Мінск вітае вызваленне Надзеі Саўчанкі і Яўгена Ерафеева і Аляксандра Александрова

26 мая 2016

Мінск вітае вызваленне ўкраінскай лётчыцы Надзеі Саўчанкі і двух расіян - Яўгена Ерафеева і Аляксандра Александрова. Гэта сёння заявілі ў МЗС Беларусі. Прэс-сакратар ведамства Дзмітрый Мірончык выказвае надзею, што абмен пазітыўна паўплывае на перагаворны працэс.

Дзмітрый Мірончык, начальнік упраўлення інфармацыі - прэс-сакратар МЗС Беларусі: "Беларусь вітае той факт, што Расійская Федэрацыя і Украіна знялі з парадку дня адно з пытанняў, якое працяглы час з'яўлялася перашкодай для прадметнага абмеркавання шляхоў рэалізацыі мінскіх пагадненняў і пасоўвання па шляху мірнага ўрэгулявання на ўсходзе Украіны. Спадзяемся, што гэтая падзея пазітыўна паўплывае на ўвесь перагаворны працэс. Беларускі бок будзе максімальна садзейнічаць далейшай рабоце трохбаковай кантактнай групы і рабочых падгруп, забяспечыць усе неабходныя ўмовы для прадаўжэння мінскага працэсу, каб у наш рэгіён як мага хутчэй вярнуўся мір".

Чарговае пасяджэнне трохбаковай кантактнай групы па Украіне ў Мінску запланавана на 1 чэрвеня.