У Беларусі з'явіцца жыллё ў лізінг

10 апреля 2017

Новыя прававыя ўмовы для валодання і карыстання кватэр і дамоў замацаваў указ Прэзідэнта. Галоўныя перавагі - недарагая камуналка і фіксаваныя плацяжы. У чым адрозненне лізінгу ад арэнды жылля і куплі яго ў крэдыт? І як гэта працуе - адказы шукала наш карэспандэнт Святлана Лук’янюк.

Лізінг - гэта доўгатэрміновая арэнда, і толькі пасля ўсіх выплат квадратныя метры можна аформіць ва ўласнасць.

Максімальная або мінімальная мяжа лізінгу не ўсталявана. Праўда, ён не можа быць менш за год. А вось максімум на доўгатэрміновыя выплаты вызначае сама лізінгавая кампанія, да прыкладу, гэта можа быць 15, 20 або 25 гадоў.

Тут тры ўдзельнікі - кліент, забудоўшчык і лізінгавая кампанія. Апошняя купляе кватэру ў забудоўшчыка або на другасным рынку і здае яе кліенту. Той штомесяц плаціць суму доўгу. Плюс працэнты - фіксаваныя або плаваючыя - напрыклад, памер стаўкі рэфінансавання.

Калі кліент заплаціў палову кошту і жадае скасаваць дагавор, кватэру прадаюць і лізінгавая кампанія забірае доўг з працэнтамі. Калі яна - ініцыятар спынення здзелкі, то кліенту вяртаюцца ўсе паложаныя сродкі. Лізінгавыя кампаніі сцвярджаюць: з імі можна дамовіцца і аб адтэрміноўцы плацяжу, скажам, на паўгода.

У выпадку, калі кліент не зможа выплачваць па лізінгу, дагавор могуць прадоўжыць і з адным з яго спадчыннікаў на ранейшых умовах па арэндзе і выплатах. Пасля канчатковага разліку ён і стане ўласнікам.

Самі агенцтвы нерухомасці пакуль вялікіх ілюзій па ажыўленні рынку жылля не адчуваюць. Хоць і прызнаюць, умовы сталі больш прывабнымі. Бо зараз у кватэры па лізінгу камуналку лічаць як для юрасоб.

Новыя правілы па жыллі ў лізінг пачнуць дзейнічаць з верасня. Наколькі механізм стане папулярным, убачым у канцы года. Да таго ж, гэта стымул для банкаў перагледзець крэдытныя партфелі.