У Беларусі з'явіўся новы лагістычны цэнтр Белпошты

17 октября 2016

Размешчаны ён на тэрыторыі Нацыянальнага аэрапорта Мінск і здольны апрацоўваць 100 тысяч пасылак за суткі. Усе рабочыя месцы аўтаматызаваны. Адпраўленні правяраюць пазменна, 7 дзён на тыдзень. Паштавікі працуюць разам з мытнікамі. Ці паскорыць гэта працэс дастаўкі пасылак з-за мяжы, якія тавары адносяцца да забароненых - усе нюансы даведалася Наталля Тарасюк.

Адразу пасля адгрузкі з самалёта ўсе пасылкі трапляюць вось на гэту канвеерную стужку. Супрацоўнікі Белпошты ў белых пальчатках (гэта для чысціні і каб не пашкодзіць канверты), сканіруюць код. Затым уся карэспандэнцыя ўзважваецца паштучна. Работнікі ўносяць у базу цану, параўноўваюць фактычную і адзначаную ў наклейцы вагу.

Наша краіна стала канчатковым пунктам прызначэння з пачатку толькі гэтага года для больш як 3 мільёнаў адпраўленняў. Плошча новага лагістычнага цэнтра складае 1,5 тысячы квадратных метраў. Тут працуюць звыш сотні супрацоўнікаў. І дзякуючы новаму будынку з моманту пасадкі самалёта з поштай і да таго, як пасылка апынецца ў найбліжэйшым да атрымальніка аддзяленні, праходзіць не 3-4 дні як раней, а ўсяго толькі максімум двое сутак.

У тэставым рэжыме новы цэнтр працаваў тыдзень, сёння яго афіцыйна прэзентавалі журналістам.

Алена Скрыпчык, першы намеснік генеральнага дырэктара РУП "Белпошта": "У студзені 2016 у сярэднім модуль, што знаходзіцца ў Нацыянальным аэрапорце, апрацоўваў да 5 тысяч міжнародных адпраўленняў. Сёння ўжо ў кастрычніку гэтыя паказчыкі значна выраслі. За суткі ў сярэднім апрацоўваецца да 10 тысяч міжнародных паштовых адпраўленняў".

Практычна ўсе канверты прасвечваюць з дапамогай двух рэнтгенаўстановак. На маніторы можна разгледзець не толькі тое, што ўнутры, але і адразу ўбачыць усё дасье адрасата.

Жоўтым загараюцца прозвішчы тых, хто ўжо атрымліваў у каляндарным месяцы пасылкі, але не парушыў ліміт. Чырвоны колер пакажа перавышэнне. Каляровымі будуць і звесткі беларусаў з вопытам зніжэння кошту пасылак. Згодна з саракавым указам, каб не даплачваць, трэба выканаць дзве ўмовы - 22 еўра і 10 кілаграмаў. Парушэнні ўжо прынеслі ў бюджэт краіны больш за мільён долараў.

Андрэй Міхалькевіч, начальнік мытні "Мінск-2": "Для мытнай службы нагрузка істотна ўзрасла. У 30 разоў вырасла колькасць выпадкаў, калі мытная служба спаганяе мытныя плацяжы. Калі мы раней каля 130 прыходных ордэраў выпісвалі ў выпадку выплаты мытных плацяжоў за месяц, то на сённяшні дзень мы выпісваем каля 150-200 ордэраў за рабочы дзень".

Не прапусцяць і тых, хто заказваў рэчы яўна не для асабістага карыстання. Пад падазрэнні мытнікаў часцей за ўсё трапляе тэхніка.

Яўген Янусік, інспектар аддзела мытнага афармлення і кантролю № 9 мытні "Мінск-2": "Тут можа быць напісана, заяўлена як тавар - МП3-плэер, але па вазе яна будзе грамаў 400-500, то ў мытніка ўзнікае пытанне, практыка зараз такая, што тут можа быць мабільны тэлефон. Адкрываецца пасылка аператарам і перадаецца далей супрацоўніку. Мытнік дастае і атрымліваецца недакладная падача звестак у дэкларацыі".

Асаблівы артыкул - наркотыкі і зброя. На рахунку нямецкай аўчаркі па мянушцы Арыя амаль дзясятак такіх небяспечных пасылак. Гэта ўжо не штраф, а рэальная крымінальная справа. Пільны надгляд канвертаў нярэдка заканчваецца і папаўненнем музейных калекцый. У пасылках знаходзяць рымскія і царскія манеты, унікальныя літаграфіі канца XVI стагоддзя.