У Беларусі не плануецца ліквідаваць сельскія Саветы

18 сентября 2014

Пра гэта напярэдадні заявіў старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Анатоль Рубінаў, наведваючы Салігорск. Падчас пасяджэнняў Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання старшыня яшчэ раз падкрэсліў, што сельскія Саветы - гэта тыя органы мясцовай улады, на якія могуць і павінны абапірацца сельскія жыхары. Але каб павысіць эфектыўнасць іх працы, патрэбныя новыя падыходы.


Пра што яшчэ гаварылі чыноўнікі ў горадзе шахцёраў - у рэпартажы Сяргея Шуманскага.


Пра тое, што органы мясцовага самакіравання важныя і патрэбныя, дэпутаты гаварылі неаднаразова. Для абмену вопытам сярод вертыкалі чыноўнікаў у свой час нават стварылі Савет па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання пры Савеце Рэспублікі. За складанымі словазлучэннямі хаваецца простая, а галоўнае эфектыўная практыка. Парламентарыі як бы з боку вывучаюць працу мясцовых Саветаў дэпутатаў. Гэтым разам наведаць вырашылі горад шахцёраў.


Салігорск месцам правядзення пасяджэння выбралі невыпадкова. Па-першае, гэта адзін з самых паказальных гарадоў рэгіёна ў пытаннях добраўпарадкавання і навядзення парадку на зямлі. А па-другое, самі салігарчане праявілі ініцыятыву і прапанавалі свой горад у якасці прыкладу ўсёй Мінскай вобласці.


Другі па колькасці насельніцтва горад у рэгіёне, пасля Барысава, Салігорск быў заснаваны ў 1958 годзе. З тых часоў колькасць насельніцтва павялічылася ледзь ці не ўтрая. Сёння тут пражывае больш за 100 тысяч чалавек. Пятая частка з іх - дзеці. Таму, галоўнае пытанне - гэтая наяўнасць адпаведнай сацыяльнай базы. І з гэтым у горадзе ўсё ў парадку. Да 10 агульнаадукацыйных школ год таму дадалася яшчэ адна на 1100 вучняў.


Дарэчы, адрозніць новабудоўлі ад 20-гадовых панэльных дамоў у Салігорску не заўсёды ўдаецца. І галоўная заслуга ў гэтым - саміх жыхароў. Мясцовыя дэпутаты гавораць, прапаноў па добраўпарадкаванні дамоў столькі, што складана вызначыць лепшы варыянт. А самае галоўнае - усё робіцца выключна сіламі і рукамі саміх салігарчан.


Лідзія Клішэвіч, старшыня Салігорскага раённага Савета дэпутатаў: Сёлета былі адзначаны ў розных намінацыях каля 30 суб'ектаў гаспадарання. Што вельмі радуе, з кожным годам колькасць заявак на добраўпарадкаванне ад жыхароў павялічваецца. Добра жыць не забароніш, добра жыць усім хочацца. Гэтага жадаю ўсім жыхарам нашай салігорскай зямлі.


Каб жыць у Салігорску і іншых абласных гарадах камфортна і з задавальненнем, сёння і працуюць дэпутаты мясцовых Саветаў. Менавіта яны, як ніхто з усёй вертыкалі чыноўнікаў, блізкія да людзей. І менавіта мясцовыя Саветы падчас наведвання Салігорска былі прызнаныя самымі дзейснымі структурамі. Таму размова аб іх ліквідацыі ў краіне пакуль не вядзецца.


Анатоль Рубінаў, Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь: Вядома, сельскія Саветы патрэбныя. На каго ж будуць абапірацца ў сельскай мясцовасці, пакуль яны дойдуць да раёна і гэтак далей. Сельсавет патрэбен. Гэтая камбінацыя Саветаў і выканаўчай улады ў нас нармальная, яна ў нас прыжылася. Я думаю, Саветы аказваюць істотны ўплыў, нефармальны на працу тых жа выканкамаў, на размеркаванне сродкаў, прыняцце рашэнняў.


Дарэчы, аб прыняцці рашэнняў і размеркаванні сродкаў. Каб павысіць адказнасць мясцовага самакіравання, кіраўніцтва Мінскай вобласці пайшло на эксперымент. Каля 4 трыльёнаў бюджэтных рублёў выдзелілі мясцовым выканкамам і Саветам дэпутатаў. Гэтыя сродкі размеркавалі па раёнах вобласці ў залежнасці ад колькасці насельніцтва. Зараз чыноўнікі на месцах павінны самі вырашыць, куды і на што пойдуць выдзеленыя грошы - будаўніцтва жылля, рамонт дарог або, напрыклад, падтрымку ЖКГ. Галоўнае, каб на карысць. Праверыць вынікі паабяцаў асабіста губернатар.