У Беларусі пачынае развівацца прамысловы турызм

1 ноября 2014

У турыстычнай сферы Беларусі пачынае развівацца новы від паслуг - прамысловы турызм. Сумяшчэнне адпачынку з экскурсіямі на перадавыя прадпрыемствы краіны. Праўда, на дадзены момант туры арганізоўваюцца ўсяго некалькімі кампаніямі. На шматлікіх буйных вытворчасцях для турыстаў пакуль дзверы зачыненыя. Прамысловы або вытворчы турызм, як называюць яго ў Еўропе, - гэта заклад паспяховай рэпутацыі кампаніі. Прыкладна, траціна беларускіх прадпрыемстваў лічацца яшчэ і культурна-гістарычнымі помнікамі. А значыць, ёсць што паказаць і расказаць наведвальнікам. Якія экскурсіі зараз даступныя, а ў якім кірунку яшчэ трэба развівацца, высвятляў Дзмітрый Цітоў.

Гісторыю завода складалі па цаглінках, пачынаючы з 19-га стагоддзя. Захаваныя каштоўнасці зараз могуць выліцца ва ўдалы турыстычны бізнес. Упершыню таблічку Староннім уваход забаронены могуць памяняць на Сардэчна запрашаем!.

Віктар Сяргейчык, дырэктар прадпрыемства: Для прамысловых турыстаў, думаю, наш камбінат будзе прадстаўляць цікавасць, улічваю тыя 120 гадоў, якія спаўняюцца яму ў наступным годзе. З цэглы, вырабленай на нашым камбінаце, узведзена шмат будынкаў у Мінску: Дом урада, Палац афіцэраў, оперны тэатр.

У ЗША амаль не засталося заводаў, дзе не прымалі б турыстаў. А ў Еўропе ўжо развіваецца новы від - постіндустрыяльны. Да прыкладу, наведванне закінутых шахт або суднабудаўнічых заводаў.

Ігар Сакалоў, галоўны рэдактар газеты Аргументы и факты в Беларуси: Самае галоўнае - не баяцца гэтых камунікацый і ісці крыху далей, чым межы ўласнага або дзяржаўнага прадпрыемства. Мы ў апошнія гады ўжо назіраем шмат розных тэндэнцый, у якіх мы бачым, што мы можам глядзець значна вышэй.

У нас у краіне прамысловым турызмам займаюцца ўсяго некалькі прадпрыемстваў.

Прадукты харчавання, трыкатаж, касметыка і мэбля - ніводны з гэтых кірункаў пакуль не адкрыты для экскурсій.

На час стаць супрацоўнікам кампаніі і даведацца ўсю яе гісторыю. Такая практыка ўжо даўно распаўсюджана ў Еўропе. А для Беларусі - гэта, у першую чаргу, павышэнне турыстычнай прывабнасці. Бо шматлікія турысты, якія прыязджаюць да нас у краіну, цікавяцца шопінгам і дэгустацыямі.

Беларусь уваходзіць у тройку постсавецкіх краін па колькасці культурна-гістарычных помнікаў. 30% ад агульнага ліку - гэта прамысловыя прадпрыемствы. З часам яны мадэрнізуюцца, але не змяняюць месца прапіскі з вялікай гісторыяй.

У 2015 годзе Нацыянальнае агенцтва па турызме плануе арганізаваць туры для кіраўнікоў беларускіх прадпрыемстваў на паспяховыя прамысловыя аб'екты ў краінах блізкага замежжа. Бо такі від турызму выгадны ўсім: спажыўцу, прадпрыемству, турызму і краіне.