У Беларусь прыбыў Віфлеемскі агонь

19 декабря 2017

Сёння паводле традыцыі беларускім скаўтам яго перадалі на мяжы польскія калегі. Святое полымя з базілікі Раства Хрыстова – месца, дзе, паводле Бібліі, больш як дзве тысячы гадоў таму быў народжаны Ісус Хрыстос, прыбывае ў нашу краіну ўжо 18-ты раз. Па шляху ў Гродна лампада з агнём пераадолела больш як пяць тысяч кіламетраў. Сёння ж святое полымя адправіцца ў Мінск і іншыя касцёлы Беларусі.

Павел Безляповіч, вікарый Фарнага касцёла г. Гродна:

«Менавіта гэты агонь, гэты свет Езуса Хрыста павінен для кожнага верніка, для кожнага хрысціяніна прыпамінаць нам аб гэтым, для чаго родзіцца Езус Хрыстус, і як я павінен прымаць яго, і як я павінен жыць паводле яго слова».

У Гродзенскім кафедральным касцёле Францыска Ксаверыя агонь будзе знаходзіцца да 6 студзеня. Увесь гэты час незалежна ад канфесіі запаліць Віфлеемскую свечку зможа кожны.