У Беларусь прывезена чарговая партыя бронеаўтамабіляў "Дракон"

22 января 2018

Машыны прыбылі спецрэйсам з Кітая. "Даянг", як яго завуць у Паднябеснай, на ўзбраенне нашай арміі быў прыняты летась і паспеў паўдзельнічаць у сумесных стратэгічных вучэннях "Захад-2017". Новыя недарожнікі адрозніваюцца ад сваіх папярэднікаў. Пасля доследнай эксплуатацыі ў Беларусі браневікі былі дапрацаваныя. Змены закранулі платформу пад узбраенне, сістэму вентыляцыі паветра, кіраванне лябёдкай і эрганоміку вадзіцельскага месца.

Дзмітрый Упораў, намначальніка дэпартамента - начальнік 1-га ўпраўлення дэпартамента міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва Міністэрства абароны Беларусі: "Супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі актыўна развіваецца па ўсіх кірунках, і двухбаковае ваеннае супрацоўніцтва не з'яўляецца выключэннем. Прыбыццё сённяшняга самалёта з'яўляецца пацверджаннем нашага моцнага сяброўства і цеснага ўзаемадзеяння".

Машыны маюць колавую формулу 4 на 4. У кожным бронеаўтамабілі можа размяшчацца да дзевяці чалавек у поўнай баявой экіпіроўцы. Цалкам зварны корпус здольны вытрымаць агонь са стралковай зброі і пападанне асколкаў боепрыпасаў. Аўтамабіль абсталяваны шынамі з сістэмай кантролю стабільнасці ціску і здольны праехаць не меней за сто кіламетраў нават з прабітым колам.