Yтульнасць толькі сніцца сем'ям з вёскі Аляхновічы

6 марта 2014

Усе яны асцерагаюцца: хутка прыйдзецца жыць на руінах. Падмурак бурыцца, сцены гніюць, але пабудову дагэтуль не прызналі аварыйнай. У свой час жыхарам не атрымалася прыватызаваць кватэры, і зараз яны сталі заложнікамі сітуацыі. Чаму сем'і, дзе ёсць дзеці, не жывуць, а выжываюць ва ўласным доме - даведалася Аляксандра Штамплеўская.


Шматгадовая барацьба за цяпло і ўтульнасць ужо чымсьці нагадвае векавую гісторыю самога дома. Былую панскую пабудову зараз няйначай як баракам назваць нельга. А вось па дакументах - жыць можна. Да стану аварыйнага дому не хапае ўсяго тры працэнты. Але гэтыя тры працэнты ператварылі жыццё сем'яў у стопрацэнтны кашмар.


Вечна сырыя сцены палохаюць нават не эстэтычна. Электрапрыборы імкнуцца ўключаць як мага радзей - раптам праводка адсырэла? Ад вільготнасці ў доме пастаянна ламаецца тэхніка. Сырое сакавіцкае надвор'е падкралася да дома недаравальна блізка - зараз да вуліцы, у прамым сэнсе, рукой падаць.


Тапіць печ пажарнікі забаранілі яшчэ тры гады таму. Але нават у натопленым доме тэмпература не падымаецца вышэй за 15 градусаў.


Суседні пакой і зусім пабіў своеасаблівы антырэкорд. Слупок тэрмометра тут застыў на адзнацы 10, і гэта ў плюсавую тэмпературу. Таму Уладзік не ў прыклад аднагодкам у школу хадзіць любіць - там цяпло. Больш цёпла, чым дома. Калі дзіця ратуецца пальчаткамі, то дзядуля, можна сказаць, зімуе на ложку. Ён памятае, як у свой час маладым гэтае жыллё як часовае далі ад птушкафабрыкі. Пару гадоў таму фабрыка абавязалася зрабіць у доме капітальны рамонт. На гэты час жыхары павінны былі перасяліцца ў кватэры манеўранага фонду ЖКГ. Вось толькі ўмовы там апынуліся не лепшыя. На сем'і нават падалі ў суд за адмову пераязджаць. Трэба адзначыць, што суд прыняў бок жыхароў. Тады ў райвыканкаме прапанавалі іншы варыянт.


Ісці працаваць у калгас, каб на час пераехаць у іншую кватэру, для пенсіянеркі Таццяны зараз цяжка ўжо фізічна. А нядаўна стала вядома, што фабрыка, за якой лічыўся дом, ліквідуецца.


У чыіх руках зараз апынецца дом, а разам з ім і лёсы жыхароў, пакуль невядома. Бюракратычныя фармальнасці загналі сітуацыю ў чарговы тупік.


З гэтай марай яны засынаюць кожны вечар, але кожную раніцу ўсё гэтак жа прачынаюцца ад холаду.