Пайшла з жыцця актрыса Таццяна Працэнка, якая сыграла Мальвіну

19 мая 2021
Сумная навіна: сёння не стала Мальвіны з фільма "Прыгоды Бураціна". Пайшла з жыцця Таццяна Працэнка. Ёй было 53. Актрысай стала ў дзіцячым узросце. Асістэнт рэжысёра заўважыў дзяўчынку ў цягніку і запрасіў на пробы. Рэжысёр Леанід Нячаеў зацвердзіў Таццяну на ролю Мальвіны. Здымкі легендарнага фільма праходзілі на базе "Беларусьфільма". Працэнка адзіная сярод дзяцей гаварыла ў кадры сама - астатніх пераагучвалі. Пасля выхаду фільма на экраны Таццяна прачнулася знакамітай. Вобраз дзяўчынкі з блакітнымі валасамі і анёльскім поглядам палюбіўся аўдыторыі. 

Мальвіна стала адзінай яе роляй у ігравым кіно. Таццяна Працэнка скончыла кіназнаўчае аддзяленне Усесаюзнага дзяржаўнага інстытута кінематаграфіі, была членам Міжнароднай федэрацыі журналістаў. Удзельнічала ў Мінским міжнародным кінафестывалі - у 2012 годзе была членам журы конкурсу фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі "Лістападзік".