Памёр народны артыст Беларусі Валерый Іваноў

15 октября 2020

Пайшоў з жыцця аўтар легендарнай песні "Ты да я, да мы з тобой" з фільма "Ціхія троечнікі". У 72 гады не стала народнага артыста Беларусі, кампазітара, педагога, прафесара Валерыя Іванова. Ён аўтар інструментальных і вакальных твораў, мелодый да спектакляў, кінафільмаў і радыёпастановак. Дзякуючы яго творам сталі знакамітымі многія айчынныя эстрадныя выканаўцы, ён ствараў хіты. Валерый Іваноў пісаў шлягеры "Сябрам", "Верасам". З найбольш вядомых "Гуляць дык гуляць", "Пахне чабор", "Каханая", "Тапаліны звон" і іншыя на вершы беларускіх паэтаў. У сваіх творах абапіраўся на нацыянальны фальклор. Нарадзіўся Валерый Іваноў у пасёлку Глуск Магілёўскай вобласці. Выпускнік Беларускай кансерваторыі, дзе пасля выкладаў 30 гадоў.

Валерый Кірылавіч быў і часткай Белтэлерадыёкампаніі. Доўгі час ён узначальваў музычнае вяшчанне Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё.

І сёння ў вячэрнім эфіры сацыякультурнага канала медыяхолдынга адбудуцца змяненні: калегі з "Беларусь 3" пакажуць амаль гадзінную размову аб жыцці і творчасці маэстра, якая суправаджаецца эксклюзіўнымі кадрамі з фонду Белтэлерадыёкампаніі.