Узровень вады ў рэках сталіцы знізіўся

24 октября 2019
Узровень вады ў рэках Мінска зніжаецца. З такой праблемай да нас у рэдакцыю звярнуліся жыхары сталічнага мікрараёна Малінаўка. Яны занепакоены лёсам абмялелай ракі Лошыца, што ў парку імя Паўлава. Яшчэ летам вады стала значна менш і сёння сітуацыя не змянілася. 

Як высветлілі нашы карэспандэнты, праблему спецыялісты ведаюць і  запэўніваюць, што асноўная прычына - недахоп грунтовых вод. Вярнуць высокія берагі дапаможа рэканструкцыя парка. Перспектывы воднай плыні - у рэпартажы Наталлі Кезік.

Ранішнія прагулкі ў парку імя Паўлава для сям’і Бондар  добрая традыцыя. Пад промнямі ранішняга сонца тут асабліва прыгожая прырода. Анастасія вырасла побач з гэтым месцам і прапіску вырашыла не мяняць - кватэру набылі побач з любімым месцам дзяцінства. Толькі вось стан ракі апошнім часам насцярожвае - вады з кожным днём усё менш. 

Ранішнія прабежкі, хвілінкі здароўя, пікнікі і ўсе раённыя святы праходзяць менавіта тут,  на беразе Лошыцы. 

Занепакоеныя лёсам любімага месца адпачынку жыхары мікрараёна  і нам даслалі фотаздымкі ракі, якая значна абмялела за лета. Спецыялісты Зелянбуда праблему ведаюць і запэўніваюць, што  прычына - недахоп грунтовых вод. Рацэ проста няма адкуль чэрпаць рэсурс. 

Берагі ракі Лошыца ўпершыню ўзгадваюцца ў X-XI стагоддзях. Тут былі знойдзены рэшткі селішчаў з курганамі. А ў XVI рака дала назву адразу тром вёскам побач з сучаснай сталіцай. Зараз даўжыня Лошыцы 9,5 кіламетра. Яе выток знаходзіцца ў Малінаўцы, а заканчваецца рака ў Лошыцкім парку. 

Зараз Лошыца  асноўны прыток самай вялікай ракі Мінска - Свіслачы. Назіранняў за ўзроўнем вады менавіта тут гідролагі не вядуць, але праблему плыткіх берагоў ведаюць дакладна. Сцвярджаюць, што акрамя прыродных фактараў на магутнасць рачной плыні ўплывае і ўздзеянне гарадскога асяроддзя. 

Падняць узровень вады ў рацэ паспрабуюць падчас рэканструкцыі парка імя Паўлава. Асноўныя работы будуць накіраваны менавіта на водную роўнядзь. У рацэ пабудуюць дзве свідравіны. Адна забяспечыць працу фантана, другая  як раз і папоўніць Лошыцу. 

Праект трэцяга этапа рэканструкцыі будзе гатовы ў найбліжэйшы час. Распачаць рамонт гэтай зоны адпачынку плануюць у наступным годзе.