"Вуліцы Барысава" - анлайн-дадатак для турыстаў і краязнаўцаў

5 апреля 2022
Умясціць багатую гісторыю малой радзімы ў мабільны інтэрнэт-рэсурс. Да Года гістарычнай памяці і 920-годдзя Барысава спецыялісты цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Каладзеева стварылі фактаграфічную базу звестак гарадскіх вуліц. Падчас віртуальнага падарожжа па Барысаве турысты і мясцовыя жыхары адкрыюць для сябе шмат новых і цікавых фактаў. 

Падрабязней пра краязнаўчы праект - у рэпартажы Наталлі Бардзілоўскай. Інфармацыя для турыстаў, гісторыкаў і краязнаўцаў - у адзіным пакеце. Выбірай любую назву па алфавіце, рабі клік - і даведнік выдасць дакладны геаграфічны напрамак, пабудуе маршрут, а да яго дасць тапанімічную даведку. Цяпер не трэба пытацца ў прахожых, як прайсці да пункта прызначэння: у спісе анлайн-рэсурсу, як самыя знакамітыя вуліцы Барысава, так малавядомыя завулкі. Даведнік правядзе і пакажа, а яшчэ да сучаснага выгляду мясцовасці прапануе фотаэкскурс, як вуліца выглядала стагоддзі таму. Нават тыя аб'екты, якія з часам былі разбураны ці зніклі, рэканструюе віртуальную прастору.

Да віртуальнай экскурсіі турыстам прапануюць "жывы" дадатак - пры жаданні магчыма барысаўская вандроўка з гідам-краязнаўцам. Аляксандр Балябін - спецыяліст, які пра вуліцы роднага горада ведае ўсё! Вуліцу Чапаева назаве Хітрыкаўскай (першапачаткова цэнтральная кропка горада насіла імя працаўніка мясцовага хрустальнага завода). І пра галоўны праспект распавядзе - у 19 стагоддзі ён зваўся Вакзальным, потым атрымаў княжацкае імя Мікалая Трубяцкога. Цяпер гэта праспект Рэвалюцыі.

Барысаў расце і развіваецца. Яго вуліцы - мікс старадаўніх помнікаў і аб'ектаў сучаснай інфраструктуры. Храмы, мемарыялы, музеі, палацы, паркі і скверы - да кожнага куточка цяпер ёсць падрабязны інфармацыйны збор. 

У віртуальным краязнаўчым каталозе на сёння інфармацыя пра 213 вуліц Барысава. Усяго ў горадзе за 300 афіцыйна азначаных лакацый. "Расшыфраваць" іх для турыстаў - задача на найбліжэйшы час.