Удалыя эксперыменты: абласны конкурс даследаванняў аб'яднаў больш як 200 школьнікаў з Мінскай вобласці

13 декабря 2023

Першыя крокі да вялікіх адкрыццяў робяць школьнікі цэнтральнага рэгіёна. На абласным конкурсе даследаванняў - больш за 200 дзяцей прэзентавалі свае ноу-хау ў розных кірунках - ад гісторыі да астраноміі.

Самыя вынаходлівыя прадставяць Мінскую вобласць на рэспубліканскім этапе. Знаходкі юных навукоўцаў - у рэпартажы Карыны Гурэвіч.

За першымі крокамі ў навуку Аліны Раманейкі і Кацярыны Цвіркі назіраюць не толькі настаўнікі, але і ўвесь Нясвіжскі раён. Ім выпаў гонар прадстаўляць сваю малую радзіму на абласным конкурсе даследаванняў. Пад рукой - толькі школьнае абсталяванне, звычайны шампунь і любоў да эксперыментаў. На інтэлектуальным форуме прэзентавалі сваё ноу-хау - праверылі і даказалі эфект Кае.

Незвычайны муар-эфект аказаўся ў полі зацікаўленасці школьнікаў са Смілавіч. Штодзень яны бачылі яго на цюлевых фіранках, купюрах і нават грабеньчыках для валасоў  і не змаглі пакінуць без увагі.

Рамана Пацалуева і Яўгена Шчарбака аб'яднала цяга да нязведанага. Яшчэ з пачатковай школы юныя вынаходнікі даследавалі навакольны свет - са знойдзеных незвычайных дэталяў спрабавалі збіраць механізмы. У школе іх дапытлівасць падтрымалі – у рэалізацыі смелых ідэй дапамог вопытны куратар.

 Абласны конкурс даследаванняў аб'яднаў больш як 200 школьнікаў з усяго цэнтральнага рэгіёна. Усе яны дэманстравалі свае напрацоўкі і доследы па 19 кірунках - фізіцы, хіміі, гісторыі, астраноміі, геаграфіі. Самыя вынаходлівыя даследчыкі адправяцца на рэспубліканскі этап.