Каля стэлы Мінск - горад-герой завяршаецца апошняя падрыхтоўка да ваеннага парада і спартыўна-маладзёжнага шэсця

3 июля 2013

У эпіцэнтры падзей увесь дзень будуць працаваць журналісты Агенцтва тэленавін.


Зараз з намі на сувязь выходзіць Сяргей Гусачэнка (прамое ўключэнне). Галоўнае дзяржаўнае свята рэспублікі па традыцыі пачне крочыць па краіне ад мемарыяльнага комплексу Мінск - горад-герой. Месца знакавае не толькі для сталіцы, але і для ўсёй Беларусі. Самая відовішчная частка свята выклікае вялікую цікавасць публікі. Найбольш актыўна гледачы пачнуць падцягвацца крыху пазней, як паказвае практыка, займаючы месцы не толькі паабапал праспекта Пераможцаў, але нават на прылеглых схілах.


Пачатак дзейства а 11 гадзіне. У ім два складальнікі - гэта ваенны парад і спартыўна-маладзёжнае шэсце. Традыцыйна прысутнічаюць Кіраўнік дзяржавы і вышэйшыя службовыя асобы краіны.


Права адкрыць парад па традыцыі дадзена барабаншчыкам Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча. Усяго ж у парадзе возьмуць удзел больш за тры тысячы вайскоўцаў, а таксама больш за дзесяць парадных разлікаў ваеннай тэхнікі. Акрамя сучасных узораў, гледачы таксама ўбачаць танкі перыяду Вялікай Айчыннай вайны, сярод якіх той самы Т-34. Баявыя машыны пяхоты, бронетранспарцёры, зенітна-ракетныя комплексы, самаходныя гаўбіцы - усяго 150 адзінак ваеннай тэхнікі расцягнуцца прыкладна на паўтара кіламетра, так што ў гледачоў будзе выдатная магчымасць добра разгледзець баявую моц беларускай арміі. Завершыць ваенны парад пралёт авіяцыі, сваё майстэрства пакажуць лепшыя лётчыкі ВПС і войскаў СПА, а таксама пляц-канцэрт яшчэ адных віртуозаў ваеннай справы - роты ганаровай варты. Пасля свята прадоўжыць спартыўна-маладзёжнае шэсце.


Для тых, хто збіраецца паглядзець на ваенны парад, не лішнім будзе ведаць, што на святочныя мерапрыемствы нельга прайсці ў нецвярозым стане і тым больш праносіць з сабой спіртныя напоі, а таксама безалкагольныя напоі ў буйной тары. Гадаванцаў падчас свята таксама рэкамендуюць пакінуць дома. Ну а тым, хто плануе перамяшчацца па горадзе, трэба ўлічыць, што асобныя ўчасткі вуліц перакрытыя ўжо з самай раніцы. Каб пазбегнуць затораў і стоўпатварэння каля пунктаў пропуску, прыязджаць на свята ДАІ і праваахоўныя органы просяць загадзя.


Зараз тут завяршаецца апошняя падрыхтоўка - тая самая частка, пра якую прынята гаварыць застаецца за кадрам. Дарэчы, фрагменты рэпетыцыі ваеннага парада вы маглі бачыць у выпусках навін на нашым канале. І менавіта дзякуючы Белтэлерадыёкампаніі за тым, што будзе адбываецца тут, каля стэлы, у прамым эфіры па ўсіх тэлеканалах краіны зможа сачыць уся краіна.