У праваслаўных сёння Праабражэнне Гасподняе

19 августа 2016

Паводле традыцыі хрысціяне прыносяць у храм плады новага ўраджаю, а таму ў народзе свята называюць Яблычным Спасам.

У новым храме ў вёсцы Чаркасы Дзяржынскага раёна - ўрачыстасць двайная. У гонар біблейскай падзеі - Праабражэння Гасподняга - названа мураваная царква. Аляксандра Драгун пабывала на набажэнстве.

Падчас летняга адпачынку Ніна Амбражэвіч са сваімі дзецьмі не забываецца на штодзённую малітву і хрысціянскія святы. Летам сям'я бавіць час у вёсцы Чаркасы - тут жа наведвае храм. Хоць у новым прыходзе пакуль няма нядзельнай школы, маці сама тлумачыць Божыя запаведзі і распавядае асновы хрысціянства дзецям.

Сёння для прыхаджан храма, што ў вёсцы Чаркасы, ўрачыстасць двайная. У гонар важнай біблейскай падзеі - Праабражэння Гасподняга - названа іх мураваная царква. Паводле традыцыі прастольнае свята суправаджаецца хрэсным ходам, калі вернікі з малітвай і спевамі тры разы абыходзяць святыню.

Праабражэнне Гасподняе - адно з 12 галоўных царкоўных свят. Таму з самай раніцы ў храмах - урачыстыя богаслужэнні. Падчас літургІі гучаць праабражэнскія спевы і малітвы. Хоць свята выпадае на перыяд Успенскага посту, сёння для вернікаў дазваляецца палёгка ва ўстрыманні.

Сённяшняя ўрачыстаць мае некалькі назваў - Свята фаворскага святла і Яблычны Спас. Першае пайшло ад гары, дзе Ісус здзейсніў цуд.

Другое ж атрымала назву ад галоўнага плода - яблыка. Яно сімвалізуе багацце дароў Бога, якімі ён надзяляе сваіх вернікаў. Таму пасля службы прыхаджане прыносяць у храм дары новага ўраджаю, каб акрапіць іх святой вадой.

Пасля асвячэння пладоў вернікі частуюцца яблыкамі, грушамі, слівамі. Але не спяшаюцца разыходзіцца па дамах - царкоўны хор і самыя маленькія прыхаджане спяваюць, чытаюць вершы і паказваюць батлейку - на гэты раз з сучасным сюжэтам аб сіле малітвы і веры.