Ля мікрафона Першага канала Беларускага радыё сустрэнуцца Мінск і Бішкек Або

12 декабря 2017

У дзень нараджэння народнага пісьменніка Кіргізскай ССР Чынгіза Айтматава Першы канал Беларускага радыё зладзіць тэматычны радыёмост. У адным эфіры ля мікрафона сустрэнуцца Мінск і Бішкек. Ганаровы госць студыі - пасол Кыргызстана ў нашай краіне. Сярод удзельнікаў праграмы - навукоўцы і літаратурныя эксперты дзвюх краін. Творчы вечар пачнецца сёння ў 21:05.

Антон Васюкевіч, галоўны дырэктар Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё: "Мы вырашылі прысвяціць творчы вечар творчасці Чынгіза Айтматава. І з нашымі калегамі з кіргізскага радыё - яно завецца "Бірынч" - гэта Першы канал так завецца ў Кіргізіі. Яны падтрымалі гэтую ідэю. І мы сумесна з імі, ведаючы, што ў іх у гэты дзень будзе тэматычны эфір, праводзім гэты радыёмост".

Кубанычбек Амураліеў, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кыргызстана ў Беларусі, па сумяшчальніцтве ў Эстоніі, Літве, Латвіі: "Я менавіта слова "наш" ужываю, таму што кыргызскі Чынгіз Айтматаў - вялікі пісьменнік не толькі постсавецкай прасторы. Па-мойму, ён пісьменнік свету. Зараз Рускі драматычны тэатр у Кыргызстане носіць яго імя. Яго творы былі выдадзеныя больш як на 100 розных мовах свету".

Чынгіз Айтматаў - народны пісьменнік, Герой Сацыялістычнай Працы, лаўрэат трох Дзяржпрэмій СССР - быў вялікім сябрам беларускіх літаратурных класікаў. Першая яго аповесць "Джаміля" выйшла на французскай мове ў перакладзе Луі Арагона, крыху пазней рускамоўны варыянт прынёс пісьменніку сусветную вядомасць.