У хрысціянаў пачаўся самы строгі тыдзень посту

14 апреля 2014

Да свята Вялікадня, якое сёлета ўсе хрысціяне адзначаць у адзін дзень, застаецца ўсяго тыдзень. Гэта дні самага строгага посту, калі вернікі ўспамінаюць найважнейшыя падзеі Евангелля.


Пра біблейскую гісторыю і сэнс кожнага дня Страснога тыдня - рэпартаж Наталлі Бардзілоўскай.


Амаль дзве тысячы гадоў прайшло з тых падзей, калі Ісус Хрыстос паехаў у лёсавызначальны для яго самога і для ўсяго хрысціянства горад.


Пасля радаснага ўваходу ў Іерусалім пачынаецца тыдзень руху Хрыста да крыжа, на якім раскрыжуюць яго тыя, хто яшчэ нядаўна так урачыста сустракаў.


Вялікі панядзелак - узгадванне дзвюх прытчаў. Пра засохлую смакоўніцу, якую Хрыстос параўнаў з грэшнікам: чалавек без пакаяння будзе пакараны Богам, як і пустое дрэва. І прытча пра Іосіфа, якога родныя браты прадалі ў рабства.


Перадвелікодны аўторак - знакавыя пропаведзі Хрыста ў храме. Ісус адказвае на правакацыі кніжнікаў і нараджаецца яго знакамітае: Кесару - кесарава, а Божае - Богу. Распавядае пра таленты. Бог спытае з кожнага: як выкарыстаў свой?! Сын Божы прадракае сваё другое прышэсце і Страшны Суд. Ён раздражняе першасвятароў, і тыя хочуць забіць Ісуса. У сераду Хрыстос прадбачыць сваю смерць.


У чацвер Гасподзь збірае апосталаў, абмывае ім ногі ў знак павагі да кожнага блізкага. На тайнай вячэры нараджаецца найважнейшае царкоўнае таінства еўхарыстыі: Ісус называе хлеб целам сваім, а вінаграднае віно - сваёй кроўю. Пасля тайнай вячэры ў Гефсіманскім садзе Хрыста арыштоўваюць. Ранкам у пятніцу судзяць і - самая ганебная ў тыя часы смерць - распяцце на крыжы. Хрыста пахаваюць у пячоры. У суботу першасвятары ў жаху перад ім, нават памерлым, запячатваюць пячору, а сам ён трапляе ў пекла, каб уратаваць людзей.


Ва ўсе часы вернікі-хрысціяне асабліва сустракалі перадвелікодныя сем дзён, у посце і малітве спрабуючы асабіста прайсці крыжовы шлях разам з Хрыстом.