Творчыя стажыроўкі: беларусы замежжа на гістарычнай радзіме

6 апреля 2022
Наведаць гістарычную радзіму, узбагаціцца яе культурнай спадчынай  і ўдасканаліць веданне матчынай мовы - з такімі мэтамі ў Мінску сабраліся  ўдзельнікі творчых стажыровак беларусаў замежжа. Нашы землякі з васьмі краін свету - кіраўнікі аматарскіх мастацкіх калектываў і грамадскіх арганізацый - на тыдзень з'ехаліся ў беларускую сталіцу. Для гасцей падрыхтавалі насычаную праграму: майстар-класы народных умельцаў, урокі беларускіх спеваў і танцаў, наведванне мінскага храма-помніка Усіх Святых і музея народнай архітэктуры і побыту ў Строчыцах. Творчае падарожжа ўдзельнікаў праекта пачалося са знакавага для беларусаў месца - Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Творчыя стажыроўкі для беларусаў замежжа праводзяцца не ўпершыню. З 2016 года нашы землякі, якія пражываюць у іншых краінах, наведваюць Беларусь. Многія - пастаянныя ўдзельнікі культурнага праекта. Самым актыўным прадстаўнікам беларускіх дыяспар за мяжой  міністр культуры Беларусі ўручыў ганаровыя граматы.

Асаблівае захапленне замежных гасцей выклікае жывы дотык да народнага мастацтва. Так, сапраўдным  фальклорным святам стала сустрэча беларусаў замежжа з навучэнцамі Дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, а таксама  выстава Саюза майстроў Беларусі ў Нацыянальнай бібліятэцы.