Турыстычны сезон - 2016 распачалі здраўніцы цэнтральнага рэгіёна

2 июня 2016

Свае паслугі прэзентавалі таксама аграсядзібы і турыстычныя базы. Найбольшай папулярнасцю карыстаюцца месцы адпачынку, размешчаныя паблізу рэк і азёр. Вядома ж, асаблівы попыт і ў здраўніц на ўзбярэжжы Нарачы. Што сёлета прапануе турыстам самая курортная мясціна цэнтральнага рэгіёна? Раскажа Антаніна Станкевіч.

Песні, танцы, жарты і сцэнкі з удзелам культработнікаў, адміністрацыі і саміх адпачывальнікаў. Такім чынам, усе 10 санаторыяў і турыстычных баз на Нарачы прэзентуюць свае магчымасці. Акрамя стандартных "лячэння і харчавання", да паслуг турыстаў багатая культурная праграма.

Галоўная перавага здраўніц Нарачанскага края - менавіта лячэнне. Кожны адпачывальнік атрымлівае комплекс стандартных працэдур. Як правіла, гэта масаж, вода- і святлолячэнне, а за дадатковую (вельмі дэмакратычную) плату і комплекс СПА. Гэта і абгортванні, і пілінгі.

Здраўніцы Нарачанскага края ўжо даўно адмовіліся ад продажу пуцёвак на пэўны тэрмін. Так што колькі адпачываць: тры дні ці дваццаць тры, выбіраюць самі турысты. Кошт стандартнага нумара ад 400 тысяч рублёў.

Як правіла, летні сезон пачынаецца з чэрвеня і працягваецца да канца жніўня. У гэты перыяд санаторыі не пустуюць: запаўняльнасць на ўзроўні 100%. Але ў турыстаў заўсёды ёсць шанц адпачыць на беразе самага вялікага і прыгожага возера.

А вось для тых, хто прызвычаіўся арганізоўваць свой адпачынак самастойна, дзверы расчыняюць каля 70-ці аграсядзіб Мядзельскага раёна. Якія забавы і віды актыўнага адпачынку прапануюць шчодрыя і гасцінныя гаспадары, даведаецеся з нашай выніковай праграмы "Навіны. Цэнтральны рэгіён" у нядзелю ў 12:10.