Цытадэль памяці: роўна 50 гадоў таму адкрылі мемарыяльны комплекс "Брэсцкая крэпасць-герой"

25 сентября 2021

25 верасня 1971 года ў цытадэлі запалілі Вечны агонь. І з тых часоў пакланіцца подзвігу абаронцаў прыйшлі больш як 20 млн чалавек з усяго свету. Мемарыяльны комплекс "Брэсцкая крэпасць-герой" удастоены ордэна Францыска Скарыны. Гэта заслужаная ўзнагарода для ўсіх, хто сёння захоўвае святую памяць. У шасцідзесятых гадах мінулага стагоддзя мемарыял быў сапраўды маштабнай будоўляй: грошы на яе збіралі ўсім былым Савецкім Саюзам. Афішы дабрачынных канцэртаў і сёння захоўваюцца ў музеі.

Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка павіншаваў калектыў мемарыяльнага комплексу "Брэсцкая крэпасць-герой" з 50-годдзем з дня заснавання. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што 22 чэрвеня 1941 года цытадэль стала першым шчытом на шляху гітлераўскай арміі. Гарнізон змагаўся за Радзіму да апошняй кроплі крыві.

Прэзідэнт павіншаваў калектыў мемарыяльнага комплексу "Брэсцкая крэпасць-герой"

"Дзякуючы карпатлівай працы калектыву мемарыяльнага комплексу сучаснікі адкрываюць новыя старонкі абароны крэпасці і захапляюцца подзвігам гераічнага пакалення пераможцаў. Разам з мільёнамі наведвальнікаў з блізкага і далёкага замежжа, якія пабылі ў мемарыяле за паўстагоддзя, мы схіляем галаву і гаворым дзякуй кожнаму, хто змагаўся тут за жыццё і чыстае неба над галавой. Перакананы, ваша дзейнасць, накіраваная на захаванне праўды аб Вялікай Айчыннай вайне і ролі ў ёй нашага народа, дапамагае выхоўваць сапраўдных патрыётаў, дазваляе Беларусі і далей з гонарам будаваць сваю будучыню на падмурку народнага адзінства, агульначалавечых каштоўнасцяў, міру і згоды", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Дзякуючы працы навуковых супрацоўнікаў з моманту адкрыцця мемарыяла атрымалася ўстанавіць 76 імёнаў загінуўшых абаронцаў. Акрамя асветніцкай, праводзяць і вялікую выхаваўчую працу. У планах - адкрыць у мемарыяльным комплексе міжнародны цэнтр патрыятычнага выхавання моладзі.