Цырымонія развітання з Мікалаем Іванавічам Дземянцеем пройдзе заўтра ў Мінску

11 июля 2018

Цырымонія развітання з былым старшынёй Вярхоўнага Савета БССР Мікалаем Іванавічам Дземянцеем пройдзе заўтра ў Мінску. Ушанаваць памяць беларускага дзяржаўнага дзеяча можна з 10:30 да 13:00 у Цэнтральным доме афіцэраў. Сумная навіна прыйшла ўчора. Кар'ера Мікалая Дземянцея пачалася ў пасляваенныя гады ў роднай Віцебскай вобласці. Працаваў інспектарам абкама, быў сакратаром ЦК КПБ. У канцы 80-х ужо старшыня Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР і намеснік старшыні Вярхоўнага Савета Савецкага Саюза. Менавіта пад яго старшынствам Вярхоўны Савет 27 ліпеня 1990 года прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце БССР. У сучаснай гісторыі нашай краіны Мікалай Дземянцей таксама пакінуў важны палітычны след, 4 гады ён быў сенатарам. Спачуванні родным і блізкім выказаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

"Пайшоў з жыцця бачны дзяржаўны дзеяч, сапраўдны патрыёт, адданы роднай Беларусі. Мікалай Іванавіч Дземянцей прайшоў годны працоўны шлях ад простага працаўніка сяла да буйнога палітычнага дзеяча. Паказаў сябе як сумленны і прынцыповы кіраўнік, вопытны гаспадарнік, сапраўдны лідар, здольны аб'ядноўваць людзей і весці за сабою да мэты. Светлая памяць і бясконцая падзяка яму за прыклад самаадданага служэння Бацькаўшчыне", - гаворыцца ў спачуванні.