Гаючая крыніца ў вёсцы Пятровічы Смалявіцкага раёна

20 октября 2016

Крыніцу ў вёсцы Пятровічы Смалявіцкага раёна мясцовыя жыхары шануюць і лічаць гаючай ужо не адзін дзясятак гадоў. І вось, жадаючы адрадзіць закінутую яшчэ з канца 70-х мясціну, вернікі сталі добраўпарадкоўваць тэрыторыю і адначасова рыхтавалі дакументы, каб праваслаўны прыход мог узяць шэфства над крыніцай афіцыйна. Аднак у выніку далейшыя будаўнічыя планы вернікаў аказаліся фактычна па-за законам. Пра цудадзейную крыніцу і пытанні заканадаўства рэпартаж Наталлі Тарасюк.

Згодна з павер'ямі, менавіта там, дзе ішла Дзева Марыя, і з'явілася гэтая крыніца, а сам след нават застаўся на камені. Меліярацыя і будаўніцтва Пятровіцкага вадасховішча, якое пастаўляе ваду сталіцы, у канцы 70-х ледзь не сталі прысудам для крыніцы.

Крыніцу захавалі, але перанеслі па трубах на іншы бок. А вось камень з адбіткам ступні знік на доўгі час.

Узнавіць святое месца ўдалося толькі зараз. Мясцовыя не маглі абыякава глядзець на закінутую зямлю, якая да таго ж зарасла баршчэўнікам. Да добрай справы далучыліся і суседзі - жыхары вёскі Зарэчча і аграгарадка Драчкава, да праваслаўнага прыходу якога адносіліся тады Пятровічы. Атрутныя зараснікі змянілі дэкаратыўныя туі і кветкі. Над крыніцай з'явілася альтанка. А народная сцежка пакрылася тратуарнай пліткай. Паралельна рабілі дакументы, каб прыход мог узяць шэфства над крыніцай афіцыйна.

У 2015 годзе ў Пятровічах з'явіўся свой прыход. Службы сёння праходзяць у будынку былой сталовай. А вось планы па добраўпарадкаванні крыніцы аказаліся па сутнасці па-за законам.

Хто з малітвай і просьбай, а хто і проста па пітную ваду. Людзі прыязджаюць не адзін дзясятак гадоў. Падчас здымак гэтага рэпартажу не адзін чалавек прыйшоў да крыніцы з літровымі бутэлькамі. Прычым многія, перш чым зайсці, перахрысціліся.

Нягледзячы на адсутнасць над купеллю не тое што будынка, а наогул якога-небудзь даху, людзі ўсё роўна прыязджаюць, каб акунуцца і ачысціцца. Больш за тое, тут праводзілі ўжо і таінства хрышчэння.