Трапічны лівень у 25-градусны мароз

10 января 2017

Такую карціну назіралі жыхары дома нумар 29 на сталічнай вуліцы Сямёнава. Струмені гарачай вады лінулі са столі ў адну з кватэр, калі гаспадыня ўкладвала двухгадовую дачку спаць. Як апынулася, у кватэры на верхнім паверсе разарвала трубу. Аварыйную брыгаду жыхары дома чакалі некалькі гадзін. У выніку ўсе рэчы і сцены змоклі наскрозь. Дык хто вінаваты ў гнілых трубах і за чый кошт будуць рабіць рамонт? Пра камунальную бяду рэпартаж Аляксандра Хараўца.

Гэты калядны вечар сям'я Філатавых запомніць надоўга. Пасля традыцыйнай вячэры замест казкі дзіцяці на ноч прыйшлося тэлефанаваць амаль ва ўсе аварыйныя службы. "Падарунак" на свята арганізаваў сусед.

Са столі лінуў сапраўдны трапічны лівень. Кватэра імгненна ператварылася ў саўну. У вадзе можна было парыць ногі. У той час як за акном мінус 25. Аварыйную брыгаду давялося чакаць 3 гадзіны.

Месца прарыву выявілі ў кватэры на паверх вышэй. Кіпень сваім напорам разарваў чыгунную батарэю, якая была цалкам забітая. Трубу аператыўна заглушылі. А ад свежага касметычнага рамонту не засталося і следа.

Запальваць святло ў кватэры гаспадары баяцца. Распавядаюць, што падчас патопу лічыльнік іскрыўся, як навагодняя гірлянда. Каб пазбегнуць бяды, адключылі пробкі. Гавораць, яшчэ і пажару пасля трапічнага ліўня яны дакладна не перажывуць.

Гаспадыня кватэры ўпэўнівае: пра тое, што ў іх у любы момант можа прарваць трубу, пісала ў мясцовую ЖЭС не раз. І такая карціна ва ўсім доме. Аднак сантэхнікі ўпэўнівалі, што дому можа дапамагчы толькі капітальны рамонт, і разводзілі рукамі.

У мясцовым ЖЭУ сваю віну цалкам прызналі - акт аб затапленні кватэры ўжо складзены. Праз 20 дзён абяцаюць ацаніць нанесеную шкоду. А старыя батарэі пачнуць мяняць ужо заўтра, прычым і ў кватэры на верхнім паверсе, за свой кошт.

Пакуль жа сям'я Філатавых спрабуе прасушыць затопленую кватэру і часова туліцца ў сваякоў. Гаспадыня хоць і ў разгубленасці, але не маркоціцца. Гаворыць, ёлка навагодняя мінімум да сакавіка прастаіць.