Трыста дрэў высадзяць заўтра ў Мінску падчас рэспубліканскага суботніка

22 апреля 2016

Рэспубліканскі суботнік пройдзе заўтра ў краіне. Галоўнай пляцоўкай у Мінску стане мемарыяльны комплекс «Трасцянец». На яго тэрыторыі будуць працаваць амаль 300 чалавек: прадстаўнікі грамадскіх аб'яднанняў і палітычных партый, кіраўніцтва мэрыі, а таксама жыхары Заводскага раёна сталіцы. Наводзіць парадак, азеляняць вуліцы, паркі і двары будуць ва ўсіх частках горада. Усяго падчас суботніка высадзяць трыста дрэў і паўтары тысячы кустоў.

Павел Скалабан, начальнік галоўнага ўпраўлення Мінгарвыканкама: "Мінск - гэта наш агульны дом, і зрабіць яго больш чыстым, прыгожым - гэта нармальная задача для любога мінчаніна. Прадстаўнікі працоўных калектываў, арганізацый і органаў улады будуць працаваць на розных аб'ектах - гэта больш за 80 аб'ектаў. Напрыклад, апарат Адміністрацыі Прэзідэнта будзе працаваць на будаўніча-мантажных работах у Нацыянальным мастацкім музеі, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў будуць працаваць у парку Тывалі Фрунзенскага раёна, дэпутаты гарсавета будуць працаваць на Цнянскім вадасховішчы".

Плануецца, што ў навядзенні парадку возьмуць удзел 600 тысяч жыхароў сталіцы і больш за 10 тысяч работнікаў камунальнай сферы.