Урачыстае ўручэнне атэстатаў выпускнікам школ і гімназій

10 июня 2020
Урачысты і чуллівы дзень. Сёння выпускнікі развітваюцца са школай. Свята сёлета ў асаблівым фармаце - з улікам рэкамендацый медыкаў, але ж не менш важнае і насычанае. Так, у 12-й гімназіі сталіцы, напрыклад, унутраны дворык сёння ператварыўся ў маладзёжную пляцоўку. Выпускнікоў на свежым паветры забаўляюць артысты, хадулісты. А ў фотабоксах можна атрымаць памятныя міні-постэры.

Тут у дарослае жыццё ў асноўным накіроўваюць будучых медыкаў - навучальная ўстанова мае так званыя медыцынскія класы - хіміка-біялагічнага профілю, а таксама мэнэджараў, IT-спецыялістаў. І гэты чэрвеньскі дзень з асаблівым пачуццём будуць памятаць і настаўнікі.

А выпускнікі 204-й школы Мінска толькі закладваюць традыцыі. Гэта першы выпуск у навучальнай установе, якую адкрылі два гады таму. Тыя, каму сёння ўручылі атэстаты, удзячныя настаўнікам за веды і жыццёвую мудрасць, якія вельмі спатрэбяцца  незалежна ад выбранай прафесіі.

Сёння і заўтра атэстаты атрымліваюць 9- і 11-класнікі гімназій і школ. Наперадзе ў выпускнікоў - цэнтралізаванае тэсціраванне. Яно сёлета пачнецца 25 чэрвеня.