Тэма занятасці застаецца адной з самых значных і актуальных

6 февраля 2018

Тэма занятасці застаецца адной з самых значных і актуальных у перадвыбарных кампаніях кандыдатаў у мясцовыя Саветы дэпутатаў. Прычым, асноўную нагрузку па садзейнічанні ў працаўладкаванні прымаюць на сябе якраз спецыялісты ўсіх узроўняў на месцах. І хаця сітуацыя з беспрацоўем не крытычная (менш за працэнт па краіне), задача ў рэгіёнах стаіць дапамагчы кожнаму. Вырашаюць гэтую праблему не толькі за кошт стварэння новых рабочых месцаў, але і выдзялення субсідый на развіццё ўласнай справы. А яшчэ спецыяльныя курсы. Некаторыя энтузіясты нават ствараюць альтэрнатыву кадравым агенцтвам. Прадоўжыць Антаніна Станкевіч.

Ветлівая і вельмі гасцінная Рыгіна не без гонару запрашае нас у сваю швейную майстэрню. У бізнесвумен жыхарка Слуцка ператварылася зусім нядаўна - летась у лістападзе сваімі сіламі зрабіла ў невялікім памяшканні сімпатычны рамонт. А вось купіць неабходную тэхніку, ніткі і ўсё, што спатрэбіцца для кройкі і шыцця, змагла з дапамогай субсідыі амаль у 3 тысячы рублёў. Такая матэрыяльная дапамога даецца ўсім, хто стане на ўлік у службу занятасці, напіша бізнес-план і выканае шэраг іншых зусім нескладаных умоў.

Некалькі гадоў таму Вікторыя Астапчук таксама пачынала з невялікай майстэрні. А сёння ў міні-атэлье працуюць пяць чалавек. Сама Вікторыя зараз адказвае за бухгалтэрыю, маркетынг і працу з персаналам. У свой час бізнес пайшоў, з'явіліся некалькіх буйных заказчыкаў на рабочае спецадзенне. Сёння прадпрыемства гатова пашырацца, а значыць, спатрэбяцца яшчэ 15 швачак. Для маленькага Чэрвеня зусім нядрэнная прапанова.

15-гадовы Руслан у свае юныя гады ўжо пры працы. Больш за тое, дапамагае яе знайсці кожнаму. Амбіцыйны вучань звычайнай сельскай школы стварыў у адной з сацыяльных сетак супольнасць. Камандзе пішуць суіскальнікі, а Руслан і яго аднадумцы шукаюць у Сетцы актуальныя вакансіі. У планах у каманды - ператварыцца ў паўнавартаснае кадравае агенцтва, а можа і новую прафесійную сацыяльную сетку.

Сёння сітуацыя з беспрацоўем у краіне некрытычная – крыху менш за 1 працэнт. Аднак у рэгіёнах ствараюць усе ўмовы, каб дапамагчы знайсці працу кожнаму. Гэта і выдзяленне субсідый на развіццё ўласнай справы, і стварэнне новых рабочых месцаў, і магчымасць атрымаць новую спецыяльнасць.

Сёння ў краіне на аднаго беспрацоўнага ў сярэднім прыпадае адна вакансія. А за мінулы год працаўладкавацца змаглі амаль 200 тысяч чалавек.