Таямніцы Крэўскага гарадзішча і старажытныя знаходкі

28 июля 2019
На месцы гандлёва-рамеснага комплексу знойдзеныя прадметы 10-га і 13-га стагоддзяў. Артэфакты дазваляюць зрабіць выснову аб тым, як быў пабудаваны побыт сярэднявечнага насельніцтва гэтай мясцовасці. Якія прадметы папоўняць музейную калекцыю Крэўскага замка - ведае Дар'я Тарасава. 

Першае Крэва, вядомае як адзін з рэгіянальных цэнтраў старажытнай Літвы да Міндоўга, знаходзіцца за 2 кіламетры ад мураванага замка. Менавіта гарадзішча да 14-га стагоддзя з'яўлялася адміністрацыйным і эканамічным цэнтрам акругі. Аб чым маўчаць крэўскія ландшафты, ужо сёмы сезон даведваюцца беларускія археолагi. Вынікі экспедыцыі: былы гандлёва-рамесны комплекс гарэў двойчы, у 10 і 13 стагоддзях. Пра гэта сведчаць перыметры будынкаў, знойдзеныя спецыялістамі ў археалагічных пластах. 

На тэрыторыі гарадзішча займаліся вытворчасцю. Падчас даследаванняў былі знойдзены матрыцы для вырабу ювелірных упрыгажэнняў з серабра. Увогуле ў гэтай экспедыцыі спецыялісты выявілі звыш двухсот масавых і 30 індывідуальных артэфактаў. Гэта і тыповы гаршчок адзінаццатага стагоддзя, упрыгожаны арнаментам, нож таго ж часу, фрагменты шкляных бранзалетаў, якія вырабляліся ў Кіеве, а таксама элементы гравіраванай шклянніцы. Каласальнай знаходкай для археолагаў сталі рэшткі печы 13-га стагоддзя. 

У гэтым сезоне знайшлі і брукаванку. Магчыма, тут знаходзілася брама, уезд у само Крэўскае гарадзішча. Новая задача археолагаў - адшукаць могілкі мясцовага насельніцтва. Перспектыўныя ўчасткі ўжо выяўлены. Да гэтай працы даследчыкі звернуцца ў наступным годзе. Калі пахаванні будуць знойдзены, спецыялісты змогуць дакладна вызначыць этнакультурны склад насельніцтва Крэва.

Пасля завяршэння экспедыцыі артэфакты чакае атрыбуцыя. Спачатку яны адправяцца ў фонды Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Пазней знаходкі перададуць у музейную калекцыю Крэўскага замка.