Студэнцкія білеты восенню атрымаюць 27 тысяч беларусаў

10 августа 2016

Студэнцкія білеты ўжо гэтай восенню атрымаюць 27 тысяч беларусаў - менавіта столькі абітурыентаў сёлета залічана на бюджэт ва ўніверсітэты нашай краіны. Вынікі ўступнай кампаніі на прэс-канферэнцыі сёння агучыў першы намеснік міністра адукацыі Беларусі Вадзім Богуш. 

Самыя запатрабаваныя спецыяльнасці сярод абітурыентаў 2016 года - інфармацыйныя тэхналогіі. Складаней за ўсё было паступіць на міжнародныя адносіны. Прахадны бал на гэты факультэт у галоўную ВНУ краіны перавысіў адзнаку ў 380. Нягледзячы на дадатковы набор, 18 бюджэтных месцаў на дзённай форме навучання ў Беларусі дагэтуль застаюцца вакантнымі. Што датычыцца завочнай формы - сёлета свабодных месцаў не засталося.

Вадзім Богуш, першы намеснік міністра адукацыі Беларусі: "Пакуль мы можам мець толькі папярэднія вынікі, і зараз завершаны этап, звязаны з залічэннем ва ўстановы вышэйшай адукацыі, працягваецца прыём дакументаў ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі, у каледжы".

Акрамя таго, міністр адзначыў, што з кожным годам у беларускія ВНУ паступае ўсё больш замежных абітурыентаў. Як і летась, большасць першакурснікаў у 2016-м прыехала з Кітая.