Будаўніцтва школы ў адным з маладых мікрараёнаў Гомеля знаходзіцца ў глыбокай замарозцы

18 марта 2019

Пачатак маштабнай перазагрузцы па ўсёй краіне паклала "Вялікая размова з Прэзідэнтам". Пытанні ад жыхароў з усіх куткоў Беларусі і замежжа прымала Беларускае тэлеграфнае агенцтва. Зваротнай сувяззю скарысталіся каля 3 000 чалавек. Паднятыя сотні пытанняў і даўно забытых праблем. Да прыкладу, нямала гамяльчан хвалюе пытанне сацыяльнага даўгабуду.  У глыбокай замарозцы знаходзіцца будаўніцтва школы ў адным з маладых мікрараёнаў Гомеля, дзе жыве нямала шматдзетных сем'яў. Праект будаўніцтва пачалі ствараць яшчэ ў 2010. Аднак дагэтуль так і не ажыццявілі. Чаму так адбылося? І ці будзе ў гэтай гісторыі шчаслівы канец? Гэтыя пытанні наш карэспандэнт Ганна Кавалёва адрасавала прадстаўнікам мясцовай улады.

Гісторыя з 8-гадовым тэрмінам даўнасці. Гэтая будпляцоўка калісьці павінна была ператварыцца ў сучасную школу. Першы камень у яе падмурак заклалі яшчэ ў лістападзе 2011. Аднак дагэтуль ідэя застаецца толькі на паперы.

Што гэта за даўгабуд і калі яго здадуць, на першы погляд і зразумець складана: пашпарта аб'екта няма нідзе. Відаць толькі, што будаўніцтва школы спынілася на ўзроўні другога паверха.

Шматпавярхоўкі ў гэтай частцы Гомеля пачалі расці яшчэ ў 90-х. Пашыраюцца кварталы і зараз. У дамах шмат маладых сем'яў з дзецьмі. За 8 гадоў чакання для іх, гавораць, школьнае пытанне актуальнасці не страціла. Завяршэння будоўлі з надзеяй чакаюць і сёння.

Рашэння школьнага пытання чакаюць жыхары прыкладна чатырох навакольных мікрараёнаў. Пакуль іх дзяцей прымаюць шэсць найбліжэйшых школ. Некаторыя знаходзяцца нават у крокавай даступнасці. Частка - усяго за некалькі прыпынкаў ад дома. Пры гэтым бацькоўскія маршруты прадугледжаныя, усё зручна. І ўсё ж складанасці застаюцца. Мясцовыя гавораць, патрапіць у самую найбліжэйшую 66-ю школу не так проста. Колькасць навучэнцаў - вышэй за запланаваную. Зараз там вучацца 1656 чалавек. Дзеці займаюцца ў дзве змены. І новая школа тут патрэбна літаральна як паветра.  

Уладзімір Сенажэнскі, дырэктар упраўлення капітальнага будаўніцтва г. Гомеля: "Школа ў 21 мікрараёне была прызначаная да праектавання ў 2010 годзе ў рамках дзяржпраграмы. З 2015  года праект не фінансуецца. І занесены ў дзяржпраграмы як аб'ект з прыпыненым фінансаваннем і будаўніцтвам. Натуральна, зараз гэтыя мікрараёны ў нас забудаваныя, шмат маладых сем'яў, у якіх дзеці. Натуральна, пры аднаўленні фінансавання мы гэты аб'ект дабудуем у самыя кароткія тэрміны".

Калі ж будоўля ссунецца з мёртвага пункта, пэўнага адказу пакуль няма. Аб'ект уключаны ў дзяржпраграму, якая мяркуе фінансаванне не толькі з мясцовага, але і з рэспубліканскага бюджэту. Даўгабуд на кантролі. А акрамя яго, яшчэ амаль паўтары сотні пытанняў. Менавіта столькі паступіла ў Беларускае тэлеграфнае агенцтва напярэдадні "Вялікай размовы" з Гомельскага рэгіёна. Сярод тэм - будаўніцтва жылля, праца банкаўскіх аддзяленняў, прамысловых прадпрыемстваў, пытанні пенсіённага забеспячэння, налічэння льгот і даванне дапамогі тым, хто патрапіў у цяжкую жыццёвую сітуацыю. Шматлікія пытанні вырашаюцца ў індывідуальным парадку з кожным пэўным чалавекам. Не на апошнім месцы ў рэйтынгу - тэма добраўпарадкавання. 

Ала Белянок, начальнік аддзела Гомельскага аблвыканкама: "Трэба сказаць, што гэтыя пытанні на тэрыторыях раёнаў у Гомелі на сёння займаюць асаблівае месца. Разглядаюцца з выездам на месца. І кожнае такое паведамленне аб тым, што дзесьці патрабуецца рамонт дарогі альбо добраўпарадкаванне дваровай тэрыторыі, дзіцячыя пляцоўкі, у абавязковым парадку ў самыя кароткія тэрміны будзе вырашацца".

У цэлым 80 % зваротаў ад жыхароў Гомельскай вобласці патрабуюць толькі растлумачэння. На многія з іх адказы ўжо далі. І работа працягваецца.