Сталіца развівае сетку парковак-перахопаў

1 февраля 2016

Зараз усяго ў Мінску тры новыя платныя аб'екты ў розных канцах горада. Такія паркоўкі павінны істотна разгрузіць цэнтр Мінска ад аўтамабіляў. У перспектыве, мяркуюць спецыялісты, стаянкі размесцяцца вакол кальцавой аўтадарогі на ключавых уездах у горад. У чым заключаецца прынцып парковак фармату "парк энд райд"?

Аляксей Кандраценка з падрабязнасцямі. Стаянка на вуліцы Напалеона Орды змяніла статус са звычайнай на паркоўку-перахоп. Усё проста: прыехаў у горад, пакінуў аўтамабіль, а далей у цэнтр - на грамадскім транспарце. Побач ходзяць электрычкі – гэта станцыя "Курасоўшчына", а таксама метро. Дарэчы, пра тое, дзе знаходзіцца перахоп, раскажа і паказальнік на праспекце Дзяржынскага.

Так у ідэале дзейнічае прынцып "парк энд райд", добра знаёмы жыхарам многіх еўрапейскіх сталіц, дзе паркоўка ў цэнтры горада - дарагі сэрвіс: за гадзіну 3-5 еўра і вышэй.

Тарыфы ў Мінску пакуль не самыя высокія, але тэндэнцыя такая - прыпаркавацца ў цэнтры сталіцы хутка стане немагчыма. Эканомія сродкаў, часу, ды і нерваў - у гэтым і ёсць задача перахопаў, дзе гадзіна стаянкі каштуе ўсяго 500 рублёў.

У перспектыве такія «парк энд райды» з'явяцца на ўсіх уездах у горад. Гэта таксама адзін з элементаў генеральнага плана Мінска. Праўда, тут не так усё проста: землі каля МКАД часта адносяцца да гандлёвых цэнтраў. Тут патрэбны кампраміс, прычым узаемавыгадны. Галоўная ідэя архітэктараў і інжынераў ужо накіраваная на тое, каб максімальна разгрузіць цэнтр сталіцы ад машын.

Зрэшты, сёння далёка не ўсе аўтамабілісты пакідаюць свой асабісты транспарт на звычайных платных ахоўных стаянках. Так, у мікрараёне Каменная Горка на двух новых аб'ектах, якія размешчаныя за кіламетр адзін ад аднаго, цалкам розная сітуацыя. Адна стаянка - а гэта 160 месцаў - запоўненая поўнасцю, другая - на 220 - толькі напалову. І гэта шмат у чым паказальна для ўсяго горада, дзе да гэтага часу чатыры тысячы машына-месцаў пустуюць. Таму ўсе спецыялісты сыходзяцца на думцы, што горад можа пабудаваць новыя аб'екты, але пры адной умове: прапанова павінна адпавядаць рэальнаму попыту.