Сталічныя аматары гісторыі самастойна распрацавалі экскурсійны маршрут па Мінскай вобласці

19 ноября 2015

Зазірнуць у катакомбы маёнтка Ваньковічаў або дакрануцца да асабістых рэчаў графа Чапскага – сталічныя аматары гісторыі самастойна распрацавалі экскурсійны маршрут па Мінскай вобласці. Падчас падарожжа ўдзельнікі тура наведаюць вёску Прылукі, дзе некалі жыў граф Чапскі, і зазірнуць у сядзібу Ваньковічаў, якая зараз закрыта на рэстаўрацыю. Але незвычайнай экскурсію робіць іншае – акрамя прафесійнага гісторыка, гідамі для турыстаў стануць і мясцовыя жыхары старажытных мясцін.

Расказвае Ян Пашкевіч. Гэтае падарожжа па самабытных беларускіх мясцінах стала для Юліі Герасімені ўжо сёмым за апошнія паўгода. У багатую скарбніцу гісторыі падарожнік-аматар упершыню зазірнула дзякуючы сябрам – яны самастойна арганізоўваюць паездкі па наваколлі сталіцы. Маршруты складаюць загадзя.

Клуб аматараў падарожжаў пачынаўся з дзесяці чалавек. Усе яны прагнулі вандровак па старажытных мясцінах. Сёння ж экскурсіі-імправізацыі збіраюць цэлы аўтобус такіх жа апантаных турыстаў. Падчас падарожжа скрозь стагоддзі групу суправаджае экскурсавод, але часам ролю гідаў выконваюць і мясцовыя жыхары.

Такім чынам у вёсцы Прылукі па маёнтку графа Чапскага (у мінулым граданачальніка Мінска) экскурсію правёў дырэктар Інстытута аховы раслін. Установа зараз знаходзіцца ў будынку былога старажытнага палаца. Адзін з пакояў нават адвялі пад куток - музей былога гаспадара сядзібы.

Шукальнікам прыгод удалося наведаць і закрытую для звычайных турыстаў сядзібу Ваньковічаў у Смілавічах. Былы маёнтак зараз на рэстаўрацыі. Археолагі-аматары з задавальненнем прадэманстравалі свае рарытэтныя знаходкі.

Зараз ад палаца засталіся толькі сцены, але нават яны захоўваюць гісторыю старажытнага роду. Напрыклад, вось на гэтым памятным камяні ёсць аўтограф майстра - будаўніка палаца. Надпіс ледзьве бачны, але праглядваецца дата 17 ліпеня 1794 года. Час заканчэння будаўніцтва гэтай часткі маёнтка.

Клуб “Падарожнік” ладзіць вандроўкі па старажытных мясцінах кожны месяц. Маршрут распрацоўваюць сумесна, а потым рыхтуюць адпаведную праграму. Кожная экскурсія абавязкова заканчваецца фотасправаздачай. Лепшыя фотаздымкі з часам аб’яднаюць у адмысловую анлайн-энцыклапедыю гісторыі Беларусі.