Найстарэйшы музей Оршы перажывае не лепшыя часы

24 апреля 2015

Найстарэйшы музей Оршы - Музей Героя Савецкага Саюза Канстанціна Заслонава - перажывае не лепшыя часы. Створаны ён быў па рашэнні Савета міністраў БССР у 1948 годзе. Будынак, дзе размяшчаецца экспазіцыя, зусім струхлеў. Больш як 300 экспанатаў, а гэтая зброя, асабістыя рэчы легендарнага камбрыга і дакументы, захоўваюцца ў сырым памяшканні. З просьбай аб рэканструкцыі музея да мясцовых уладаў звярталіся ветэраны Оршы. Музейнае пытанне зацікавіла і Вольгу Маслоўскую.

Сяргей Шніткоў - адзін з тых, хто пра камбрыга Заслонава можа распавядаць гадзінамі. Патомны чыгуначнік памятае, як будучага Героя Савецкага Саюза прызначылі начальнікам дэпо станцыі Орша. А ў гады Вялікай Айчыннай Канстанцін Заслонаў стаў праслаўленым падпольшчыкам і партызанам.

Камбрыг загінуў у лістападзе 1942-га. Мемарыяльны музей Заслонава першым з'явіўся ў пасляваеннай Оршы. Музей, пра які сёння ветэраны гавораць з горыччу.

Самому будынку, дзе знаходзіцца экспазіцыя, 101 год. Драўляны будынак калісьці быў домам прыходскага свяшчэнніка. Пад экспазіцыю яго перадалі ў сярэдзіне мінулага стагоддзя. Апошні капітальны рамонт рабілі ў 1977-м. У найноўшай гісторыі - грыбок на сценах і тынк, які абваліўся.

За гэтымі вокнамі адна з выставачных залаў музея. Яна задумвалася спецыяльна для зменных выстаў. Сёння там пуста. Дах цячэ, не працуе электраправодка. Музейшчыкі проста не могуць гарантаваць захаванасць экспанатаў.

Пра тое, што найстарэйшы музей Оршы ў такім стане, мясцовыя ўлады ведаюць. Гавораць: захаваць экспазіцыю - справа гонару. Таму зараз актыўна шукаюць для яе новы будынак.

А пакуль экспазіцыя будзе прымаць наведвальнікаў па ранейшым адрасе. Дарэчы, за ўсю гісторыю ў музеі Заслонава пабывалі больш як 5 мільёнаў чалавек. Нас запэўнілі: да свята Перамогі тут абавязкова правядуць касметычны рамонт.