Адразу некалькі гучных спецаперацый правялі байцы наркакантролю

28 октября 2019
У Мазыры затрыманы дылер, які прадаваў амфетамін. У яго канфіскавана амаль паўкілаграма забароненага рэчыва. Але яшчэ далей пайшоў наркагандляр з Асіповіцкага раёна. На дачы ў мужчыны было выяўлена 23 кілаграмы марыхуаны. Ён збіраў дзікарослыя каноплі, рыхтаваў іх да продажу і рэалізоўваў, у тым ліку і з дапамогай так званага даркнету. Але вынік заўсёды адзін. Аператыўная распрацоўка, затрыманне, крымінальная справа. Але ёсць і іншы бок - тыя, хто купляюць наркотыкі. Іх гісторыі сканчаюцца больш сумна. Не выключаны і смяротны зыход. Рэальныя гісторыі з жыцця распаўсюджвальнікаў і спажыўцоў наркотыкаў - у матэрыяле Юрыя Шаўчука. 

Барацьба з наркотыкамі


Свайго дна Вадзім дасягнуў пасля 5 гадоў ужывання наркотыкаў. Тады,  успамінае мужчына, яму здавалася, што выбрацца з ямы, у якой ён апынуўся, ужо немагчыма. Усе інтарэсы зводзіліся да пошуку чарговай дозы. У момант роспачу Вадзім зрабіў свой выбар - рэабілітацыйны цэнтр.

Былых наркаманаў не бывае! Гэта гавораць і ўрачы, і прызнаюць самі залежныя людзі. Канчаткова вылечыцца ад наркаманіі, як і любой іншай залежнасці, нерэальна. Магчыма толькі рэмісія, а колькі яна прадоўжыцца, залежыць ад шматлікіх фактараў. Бо прычын, па якіх чалавек зноў пачынае ўжываць, безліч. Вось толькі некаторыя з іх. Чалавек забываецца аб наступствах ужывання наркотыкаў, адчуванне адзіноцтва, былыя сябры-наркаманы, праверка сваіх сіл, адсутнасць сэнсу жыцця.

Суд над наркагандлярамі


Гэта судовае пасяджэнне, на якім за збыт наркотыкаў свае тэрміны атрымалі двое 18-гадовых хлопцаў, адбылося сёння ў судзе Фрунзенскага раёна сталіцы. Маладыя людзі прадавалі сінтэтычны наркотык Альфа-ПВП і гашыш. Дарэчы, пасля таго, як праваахоўнікам ўдалося збіць хвалю спайсаў, дылеры сталі прапаноўваць менавіта гашыш і марыхуану. 

Апошнім часам аператыўнікі канфіскоўваюць больш за ўсё раслінных наркотыкаў - доля гэтых забароненых рэчываў на наркарынку Беларусі дасягае 80 %. Прычым, размова як аб дзікарослых каноплях, так і аб марыхуане, якая вырошчваецца ў спецыяльна абсталяваных памяшканнях. 

Буйное затрыманне байцы наркакантролю правялі напярэдадні ў Асіповіцкім раёне. На сваёй дачы 54-гадовы мужчына падрыхтаваў да продажу 12 мяшкоў марыхуаны. Пазней у Бабруйску дома ў затрыманага было выяўлена яшчэ 15 расфасаваных скруткаў. Усяго канфіскавана больш як 20 кілаграмаў тавара. Па 10 кілаграмах эксперты ўжо зрабілі сваё заключэнне. Канфіскаванае рэчыва - наркотык расліннага паходжання. 

Разам з гэтым у МУС адзначаюць, што  апошнім часам наркагандляры сталі рэалізоўваць дурнап'ян не толькі праз інтэрнэт, але і па старой схеме "з рукі ў рукі". Аператыўнікам гэта на руку, бо выйсці і затрымаць такіх дылераў справа часу. Як паказвае практыка, збытчык трапляе на аловак ужо пасля першых здзелак. 

Новыя меры барацьбы з распаўсюджаннем наркотыкаў у інтэрнэце 

Удасканальваюцца і меры, якія дапамагаюць змагацца з продажам наркотыкаў у інтэрнэце. Нават, нягледзячы на тое, што многія дылеры з дапамогай ананімайзераў і тарбраўзера сыходзяць у так званы даркнет, супрацьстаяць ім цалкам рэальна. У пацверджанне таму яшчэ адна паспяховая спецаперацыя наркакантролю. У Мазыры аператыўнікі затрымалі 36-гадовага дылера. Свой нелегальны бізнес мужчына паставіў на паток і забяспечваў амфетамінам не толькі Мазырскі, але і суседнія раёны. Вынік і ў гэтым выпадку апынуўся прадказальным. 

Пакаранне для наркадылераў непазбежна 


Выпраўленчая калонія № 22 - у народзе "Ваўчыныя норы". Менавіта сюды пасля суда прывозяць адбываць пакаранне большую частку людзей, асуджаных за пазапраўны абарот наркотыкаў. Зараз тут каля 1000 зняволеных. Сярэдні ўзрост менш як 30 гадоў. 

У адрозненне ад многіх, хто тут сядзіць, Саша сваёй віны не адмаўляе. За пазапраўны абарот наркотыкаў суд прыгаварыў хлопца да 11 гадоў пазбаўлення волі. 6 з іх ён ужо адседзеў. Многія зняволеныя калоніі, як і Саша, думалі, што яны ўжо сапраўды не пападуцца. Дарма. Як паказвае практыка, прыгожае жыццё дылераў доўжыцца не больш за некалькі месяцаў. Затым аператыўная распрацоўка, спецаперацыя, следства, суд, калонія. 

У маі наступнага года справу Аляксандра перагледзяць, і, калі рашэнне камісіі будзе ў яго карысць, маладому чалавеку зменяць меру спынення на мякчэйшую, напрыклад, на "хімію". А гэта значыць, што ўжо прыкладна праз паўгода ён зможа адсюль выйсці. Хэпі-эндам скончылася і гісторыя Вадзіма. Вось ужо як 2,5 года ён не ўжывае наркотыкі. Зараз мужчына працуе кансультантам у цэнтры, дзе сам праходзіў рэабілітацыю. Робіць ён гэта для таго, каб дапамагчы тым, хто спатыкнуўся, як калісьці дапамаглі і яму.