Ратавальнікі Мінскай вобласці праводзяць прафілактычныя рэйды па прыватным сектары і нагадваюць правілы пажарнай бяспекі

5 декабря 2023

Ратавальнікі Мінскай вобласці праводзяць прафілактычныя рэйды па прыватным сектары. Акцэнт - на пячным абсталяванне. Спецыялісты МНС даюць рэкамендацыі, як правільна ўцяпліць дом і пазбегнуць выпадковага ўзгарання. Таксама ратавальнікі звяртаюць увагу на абавязковую наяўнасць пажарнага апавяшчальніка.

Правілы бяспекі ў халодную пару года даведваўся Ілья Цвяткоў.

Бяспека кожнага жыхара прыватнага сектара ў зімовы перыяд на асаблівым кантролі. Супрацоўнікі МНС Мінскай вобласці праводзяць прафілактычныя рэйды ў домаўладаннях. Задача - праверыць цэласнасць пячнога абсталявання, каб пазбегнуць бытавых узгаранняў.

Калі нават маленькая расколіна ў цагляным муры можа прывесці да ўзнікнення пажару, трэба асабліва ўважліва сачыць за станам печы. На гэта ў першую чаргу зважаюць ратавальнікі падчас сустрэч з пажылымі і адзінокімі людзьмі. Гэтая катэгорыя грамадзян на пастаянным кантролі.

Падчас праверкі байцы МНС аглядаюць печкі. Галоўная задача - выявіць сляды дэфармацыі цэглы. Шчыліны паміж блокамі прапускаюць дым і іскры ў памяшканне. Так сама, як і дрэнна зачыненыя дзверцы топкі.

Анастасія Швайбовіч, афіцыйны прадстаўнік Мінскага абласнога ўпраўлення МНС Беларусі:

Ні ў якім разе не дапускаць перапальвання печы. Заканчваць паленне неабходна за паўтары-дзве гадзіны да сну. Абавязкова мець бляшаны ліст перад пячным абсталяваннем і сачыць за тым, каб працавалі пажарныя апавяшчальнікі - яны могуць выратаваць жыццё.

У дамах, якія ацяпляюцца газам, правяраюць стан катлоў. Таксама ратавальнікі звяртаюць увагу на праводку, дапамагаюць усталяваць ці абслужыць пажарны апавяшчальнік. А яшчэ нагадваюць, як правільна карыстацца электрапрыборамі.

Раіса Целяціцкая, жыхарка г. Чэрвеня:

Праводка ўся ў парадку. Рэгулярна правяраем, калі нейкія праблемы ўзнікаюць. Ну і, вядома, з электрапрыборамі трэба правільна абыходзіцца. Я ўсё выключаю з разеткі, асабліва мабільны тэлефон. Калі што-небудзь здарыцца - тэрмінова набіраем 101 і 112.

Прыборамі для дадатковага ацяплення памяшканняў - канвектарамі, электракамінамі і маслянымі абагравальнікамі - таксама трэба карыстацца максімальна асцярожна. Перад выхадам з дому абавязкова адключаць абсталяванне ад сеткі і не накрываць яго адзеннем ці іншымі рэчамі.

Толькі сёлета на тэрыторыі цэнтральнага рэгіёна адбылося больш за тысячу узгаранняў. У асноўным гэта якраз бытавыя пажары, таму супрацоўнікі МНС нагадваюць: у першую чаргу бяспека залежыць ад паводзін саміх грамадзян і ад выканання неабходных правіл.