Ратавальнікі Мінскай вобласці нагадваюць аб забароне стыхійных падпалаў

15 марта 2017

Цёплае і адносна сухое надвор'е наблізіла сезон навядзення парадку на ўласных падворках. Ратавальнікі фіксуюць першыя выпадкі падпалаў сухой травы і смецця. А між тым, гэта не проста небяспечна - у ветранае надвор'е хутка могуць загарэцца дом ці гаспадарчыя пабудовы. Падпал расліннасці - гэта і супрацьзаконна. Антаніна Станкевіч адправілася ў рэйд разам з ратавальнікамі Мінскай вобласці.

Участковы інспектар міліцыі Уладзімір і ратавальнік Аляксандр - даволі частыя госці на гэтай вуліцы ў прыватным сектары горада Узды. Узімку тут правяраюць стан печак, праводкі, а зараз вось цікавяцца сітуацыяй з падпаламі травы. Нярэдка такі спосаб людзі выбіраюць як самы хуткі і дзейсны - каб прыбраць смецце.

Жыхарка гэтага дома Ада Урублеўская прызнаецца: спальваць траву на ўласным агародзе папросту страшна. Частку галля жанчына збірае граблямі, а потым выносіць у кантэйнер - ён тут побач. Ды і камунальная машына прыязджае кожны дзень.

Сёлета цёплае і адносна сухое надвор'е наблізіла сезон генеральнай уборкі. Так што, ужо 6 сакавіка ратавальнікі зафіксавалі першы выпадак падпалаў травы.

Папярэдзіць пажары - хоць ратавальнікі могуць іх і патушыць - сёння прыярытэт. У якасці аргументаў ідуць і простыя размовы, і наглядны матэрыял. Такія рэйды па вёсках і прыватных сектарах - менавіта яны ў зоне рызыкі - праводзяць па некалькі разоў на тыдзень.

За мінулы год ратавальнікі зафіксавалі больш за 600 пажараў, якія здарыліся з-за спальвання расліннасці. У большасці выпадкаў загарэліся гаспадарчыя пабудовы ці нават жылыя дамы. Асабліва небяспечныя падпалы травы ў ветранае і сухое надвор'е.

Прафілактычныя рэйды ратавальнікі прадоўжаць да канца вясны - як правіла, большасць пажараў здараецца менавіта ў гэты сезон. Усе ж такі папярэдзіць людзей куды прасцей, чым тушыць дом, ахоплены полымем.