Ці захаваецца прыватны сектар у Мінску?

30 января 2017

Аднапавярховы Мінск. Ці захаваецца прыватны сектар у сталіцы? Мінскія архітэктары вызначыліся: зносіць малапавярховую забудову плануюць толькі ўздоўж цэнтральных магістраляў, а таксама ў месцах, дзе плануецца будаўніцтва сталічнай інфраструктуры. Рэканструкцыя чакае і квартал у межах вуліц Адоеўскага, Харкаўскай і Гусоўскага.

Каму варта збіраць чамаданы, а хто застанецца жыць на звыклым месцы, высвятляла Антаніна Станкевіч.

Апошнія 10 гадоў на чамаданах. Наталля Ракавец пражыла ў гэтым доме ўсё жыццё: яшчэ з тых часоў, калі квартал быў гарадской ускраінай, а сёння яе дом стаіць ледзь не ў цэнтры горада. Чуткі пра знос хвалююць жанчыну і суседзяў апошнія дваццаць гадоў. Жанчына не супраць пераехаць, толькі хацелася б пэўнасці.

Архітэктар Вячаслаў Яўсееў - аўтар праекта рэканструкцыі квартала. На макетах і графічных планах задумы горадабудаўнікоў. З двухсот прыватных дамоў прыкладна палова пойдзе пад знос. Тэрыторыю вакол астатніх прывядуць у парадак.

Акрамя таго, у новым квартале з'явіцца новы дзіцячы садок на 95 месцаў, а таксама школа. Пры частковым захаванні прыватнага сектара такой інфраструктуры будзе дастаткова, сцвярджаюць архітэктары.

Архітэктары гавораць: прыватную забудову, дзе гэта магчыма, цалкам захаваюць. Выключэнне - тыя кварталы, праз якія пройдзе трэцяя лінія метро, а таксама новыя аўтамагістралі. Праўда, не выключана, што ўладальнікам прыватных дамоў прыйдзецца надаць фасадам і дамам адзіны выгляд.

Пад знос пойдуць і тыя дамы, тэрыторыю вакол якіх нельга прывесці ў парадак і падвесці ўсе неабходныя камунікацыі - каналізацыю, святло і зручныя дарогі. Зараз спецыялісты абследуюць такія раёны. Па кожным вынесуць асобны вердыкт.