Смалявічы прымаюць міжнародны маладзёжны фестываль

25 сентября 2014
Форум моладзі Беларусі і Расіі ладзіцца 16-ты раз. У горад-спадарожнік з'ехаліся больш за 200 юнакоў і дзяўчат. У праграме канцэрты, інтэлектуальныя гульні, конкурсы. Акрамя гэтага, моладзь прыме ўдзел ў эстафеце і экскурсіях, прысвечаных 70-годдзю вызвалення Беларусі.

Да сяброўскага фэсту далучылася Юлія Токар.

Прымаць удзельнікаў міжнароднага форуму выпаў гонар Смалявічам. Дарэчы, ужо другі раз. Пяць гадоў таму тут таксама ладзіўся сяброўскі фэст. Сёлета маладыя і таленавітыя прадстаўнікі Краснадарскага края, а таксама Растоўскай і Маскоўскай абласцей завіталі на гасцінную беларускую зямлю з задавальненнем. Наперадзе - тры незабыўныя дні.

Адкрыўся фестываль традыцыйным урачыстым шэсцем дэлегацый. Гэта 230 юнакоў і дзяўчат. Каманды з яркімі шарыкамі і плакатамі рухаюцца да цэнтральнай плошчы горада.

Прыгожая, ініцыятыўная і крэатыўная моладзь у першы дзень фестывалю ўвасобіла эпоху стыляг. Стракатыя сукенкі дзяўчат і абавязковыя мужчынскія аксесуары - гальштукі ды падцяжкі. Дапаўняюць вобраз эмоцыі і бадзёры настрой.

Экскурсіі па гістарычных мясцінах, спартыўныя эстафеты, творчыя конкурсы - праграма форуму будзе насычанай.

Закрыццё міжнароднага форуму запланавана на пятніцу. А ўжо ў суботу Смалявічы зноў збяруць гасцей на святкаванне Дня горада і 90-годдзя раёна.